Жыць у прыватным доме, але не мець магчымасці ім распараджацца

11 ноября 2016

Восем гадоў жыхары прыватнага сектара ў цэнтры сталіцы жывуць амаль што на чамаданах. Згодна з генпланам забудовы Мінска, квартал у межах вуліц Маякоўскага, Аранскай і Дзянісаўскай павінны знесці.

Калі? Адказу на гэта пытанне няма ні ў забудоўшчыка, ні ў раённых і гарадскіх уладаў. Рэпартаж Антаніны Станкевіч.

Ліст пра тое, што неабходна збіраць чамаданы, Мікалаю Кісялёву прыйшоў восем гадоў таму. З тых часоў малады чалавек паспеў ажаніцца, нарадзіўся сын Мішка, а маладыя бацькі цвёрда вырашылі: жыць будуць тут і зараз. Нягледзячы на забарону, зрабілі рамонт на свой страх і рызыку. Уцяплілі сцены, замянілі вокны і дзверы. Ці атрымаецца вярнуць грошы – пытанне адкрытае.

На працягу ўсяго часу людзі знаходзяцца, як кажуць, у падвешаным стане. У 2008-м іх папярэдзілі: на месцы гэтых дамоў з'явіцца гасцінічны комплекс, пяць жылых новабудоўляў, адміністрацыйны будынак і нават школа. Месца прывабнае – амаль што цэнтр горада, побач – ажыўленая вуліца Маякоўскага, людзі з паразуменнем паставіліся да планаў гарадскіх улад. З тых часоў змянілася нямногае: выраслі ўсяго дзве «свечкі», гасцініца ўвогуле ператварылася ў даўгабуд, што будзе заўтра – адказаць ніхто не можа.

У такім жа становішчы ўсе жыхары вуліцы Палескай. Ігар Касянкоў расказвае: знесці яго дом - трывалы, цагляны, двухпавярховы – павінны былі яшчэ да пачатку маштабнай будоўлі. Аднак па нейкіх прычынах забудоўшчык вырашыў не рабіць гэтага. Чаго варта перажыць вялізны кран за тры метры ад уласнага плота – гэта асобны рэпартаж, жартуе гаспадар.

Адказ на пытанне "што рабіць?" шукаюць усёй вуліцай. Коску ў сказе рэканструяваць нельга знесці павінны паставіць гарадскія ўлады. Аднак дакладнага тэрміну зносу дамоў – паводле слоў жыхароў - не ведаюць ні ў раённай адміністрацыі, ні ў мэрыі.

На грамадскім абмеркаванні дэтальнай планіроўкі раёна людзям ізноў аб'явілі – дамы зруйнуюць. І зноў без тэрмінаў. У падобным становішчы людзі з іншых раёнаў горада. Той жа Сельгаспасёлак, напрыклад, ці прыватны сектар на вуліцы Аэрадромнай. Зараз у законе ёсць нават пэўныя паслабленні для тых, хто не ведае што рабіць са сваёй маёмасцю.

У мясцовай адміністрацыі абяцаюць улічыць інтарэсы людзей падчас перасялення. Пры жаданні многія змогуць атрымаць кватэру прама тут жа, у новых дамах, ці застацца ў межах адміністрацыйнага раёна. Хто пажадае вырашаць жыллёвае пытанне самастойна – атрымае грашовую кампенсацыю.

Супрацьстаяць намерам горадабудаўнікоў мясцовыя жыхары не плануюць. Многія не без болю, але гатовыя пакінуць радавыя гнёзды. Вось толькі людзям хацелася б вызначанасці. Каб планаваць уласнае жыццё хаця б на год наперад.