Жэрар Дэпардзье мае намер у найбліжэйшы час пераехаць у Беларусь

4 сентября 2015

Знакаміты акцёр Жэрар Дэпардзье мае намер у найбліжэйшы час пераехаць… у Беларусь. І дзеля гэтага гатовы прадаць усю маёмасць, якая належыць яму ў Францыі, у тым ліку асабняк і свае рэстараны. Пра гэта Дэпардзье прызнаўся ў інтэрв'ю выданню "Фігаро". Знакаміты француз адзначыў, што яму не падабаецца жыццё ў сучаснай Еўропе, у якой шмат праблем.

Цытата: "Я хачу пажыць у Беларусі сярод сялян, таму што там вельмі прыгожа, а Прэзідэнт (Аляксандр Лукашэнка) - добры чалавек. Мне, шчыра кажучы, не падабаюцца перспектывы Еўропы, ды і Еўропа сама па сабе не падабаецца. Там праблемы з мігрантамі, фермерамі, а ўлады ставяцца да народа пагардліва".

Пазнаёміцца з Беларуссю бліжэй Жэрар Дэпардзье змог у ліпені гэтага года. Тады знакаміты акцёр тры дні правёў у нашай краіне. Легендарны француз пабываў у аграгарадку, некалькі гадзін з цікавасцю аглядаў малочна-таварную ферму, з вялікім апетытам прадэгуставаў нашу нацыянальную кухню. Жэрар Дэпардзье таксама пагутарыў у нефармальнай абстаноўцы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Больш за 80 замежных сродкаў масавай інфармацыі напісалі пра тое, як беларускі лідар вучыў зорку кінаэкрана касіць траву.