Зямлю з месцаў воінскай славы сталіцы перадалі сёння ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец"

4 мая 2020
Набліжаецца кульмінацыя акцыі "У славу агульнай Перамогі". Зямлю з месцаў воінскай славы сталіцы перадалі сёння ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец". Герояў успомнілі на пляцоўцы перад манументам "Вароты памяці". Там жа прайшоў мітынг і ўскладанне кветак. Зямля з памятных месцаў - гэта своеасаблівы рукатворны народны помнік. Капсулы са святой зямлёй воінскіх пахаванняў дастаўляюць у крыпту храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску з усіх куткоў краіны.

протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода г. Мінска: "Сённяшняя акцыя асоба важная для маладых людзей, якія прыходзяць у жыццё і нічога не ведаюць. Ім здаецца, што людзі жылі добра заўсёды. Часта яны мараць пра тое, што аказваецца ілюзіяй. Праз гэтую акцыю яны ўсвядомяць сапраўдныя  каштоўнасці - гэта чалавечае жыццё, дом, сям'я, мір. Праз гэтую акцыю гісторыю можна пражыць".

Анатоль Адоньеў, старшыня савета Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў: "У гэтай зямлі, у гэтай памяці захоўваецца ўсё тое духоўнае багацце, тая шчодрасць душы абаронцаў Айчыны, якія не шкадуючы свайго жыцця, дабіліся Вялікай Перамогі. Гэта вечная памяць нам патрэбна, гэтая вечная памяць павінна быць захаваная ў душах першым чынам маладога пакалення, якое павінна захоўваць гэтую памяць, берагчы яе і ганарыцца подзвігам нашага народа".

Акцыя "У славу агульнай Перамогі" стартавала год назад. За гэты час яна аб'яднала сотні населеных пунктаў. Удзельнікі "марафона" прайшлі маршрутамі жорсткіх бітваў - там, дзе зараз знаходзяцца помнікі, абеліскі і мемарыялы.