Заняткі па працоўным навучанні ў сталіцы мяняюць фармат

11 марта 2020
Атрымаць прафесiю  яшчэ ў школе. Заняткі па працоўным навучанні ў сталіцы мяняюць фармат. У некаторых класах з'явіліся дадатковыя ўрокі, стала больш практыкі. Ствараюцца і тэматычныя рэсурсныя цэнтры. Дарэчы, аснову слясарнай і сталярнай вытворчасці выкладаюць не толькі мужчыны-настаўнікі. Тэхнічнай працай цікавяцца і дзяўчаты. Падрабязна Алена Вітко.

Свой першы ўрок Маргарыта Жук правяла паўгода таму. Працаваць у сталічную сярэднюю школу № 125 яна прыйшла пасля заканчэння індустрыяльна-педагагічнага каледжа. І зараз дзяўчына выкладае ўрокі тэхнічнага працоўнага навучання  для хлопчыкаў. 

Маргарыта - майстар слясарнай і сталярнай вытворчасці. Упэўнена трымае ў руках паяльнік  і добра разбіраецца ў электратэхніцы. І зараз сваімі ведамі дзеліцца з вучнямі. 

У своеасаблівым брутальным царстве тэхнікі і інструментаў працуе і аднагрупніца Маргарыты. У сярэдняй школе № 26 трымаць лобзік і малаток хлопцаў вучыць Ганна Ермаковіч.

Сёння  пад пільным наглядам настаўніцы  вучні прыручалі метал. Але больш за ўсё Ганна любіць працаваць з дрэвам. Менавіта з гэтага матэрыялу і пачаўся шлях у прафесію. Яшчэ ў дзяцінстве любіла назіраць за татам, які працаваў з дрэвам. 

На базе сталічнай сярэдняй школы № 26 створаны гарадскі рэсурсны цэнтр па працоўным навучанні. Для школьнікаў тут  адразу некалькі майстэрняў. І мноства вось такіх масіўных станкоў для апрацоўкі драўніны і металу. Тут жа разнастайныя малаткі, стамескі і лобзікі.

 У рэсурсным цэнтры ёсць кабінет для прыгатавання ежы, а таксама сталярная, швейная і слясарная майстэрні.

Акрамя традыцыйных заняткаў па працоўным навучанні, у школе існуюць розныя факультатывы, праходзяць тэматычныя майстар-класы і гульні. А вось старшакласнікі адзін раз на тыдзень на працягу 6 гадзін займаюцца на базе 5-га ліцэя. І пасля 11-га класа атрымліваюць не толькі атэстат, але і пасведчанне аб атрыманні прафесіі - повара, аператара ЭВМ ці кандытара.