Затрыманыя трое злачынцаў, якія ўцяклі з калоніі

19 июня 2013

Сёння была пастаўленая кропка ў амаль дэтэктыўнай гісторыі, якая гэтымі днямі разгортвалася ў Ваўкавыску. Раніцай былі затрыманыя трое злачынцаў, якія ўцяклі з мясцовай калоніі. Яны ўжо далі першыя сведчанні. Праўда, чым больш дэталяў справы становяцца вядомымі прэсе, тым менш гэтая гісторыя нагадвае дэтэктыў. Больш камедыю.


Чаму - раскажа Аляксандр Смірноў. Уцекачы з Ваўкавыскай калоніі ішлі ўздоўж чыгункі, рухаліся ў бок Ліды. Тут як ніколі дарэчы параўнанне з героямі культавай савецкай камедыі Джэнтльмены ўдачы. Трое мужчын у майках і трыко плюс характэрная знешнасць - такую карціну не маглі абысці ўвагай простыя людзі. Сёння раніцай па тэлефоне інфармацыя аб злачынцах у вышуку паступіла ў міліцыю.


Ужо ў адзінаццаць гадзін дня ў такім выглядзе іх убачылі праваахоўнікі. Уцекачы кінуліся ўрассыпную і паспрабавалі схавацца ў ляску. Але сілы былі няроўныя - аперацыю праводзілі супрацоўнікі дэпартамента выканання пакаранняў, Шчучынскага РАУС і байцы ўнутраных войскаў. Дваіх затрымалі адразу, трэцяга праз 10 хвілін знайшлі недалёка ад чыгункі. Высветлілася, што ля вёскі Вялікае Мажэйкава, дзе і прайшла аперацыя па захопе, жывуць сваякі аднаго са зняволеных.


Імёны асуджаных сталі вядомыя адразу пасля ўцёкаў 15 чэрвеня. Гэта 35-гадовы неаднаразова судзімы Юрый Багачоў, 33-гадовы Аляксандр Купрыновіч, які 6 разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, і 25-гадовы Іван Арбачаўскас, які таксама не раз адбываў пакаранне. Затрыманыя ўжо далі першыя сведчанні, але допыт так нічога, па сутнасці, і не растлумачыў. Матывы, якія прымусілі зняволеных збегчы з калоніі, застаюцца таямніцай. Бянтэжыць тое, што аднаму з іх заставалася да вызвалення ўсяго паўтара месяца. Астатнія таксама адбылі большую частку зняволення.


Унутраная праверка высветліла, што атмасфера ў калоніі была нармальная і ніякага ціску на зняволеных не рабілі. Як нам распавялі ва УУС Гродзенскай вобласці, уцекачы сядзелі за крадзяжы і рабаванне, гэта значыць, не за цяжкія злачынствы, менавіта таму іх адправілі на будоўлю зблізку калоніі без канвою. Страту выявілі падчас чарговай праверкі. Зараз жа, апроч тэрміна, які застаўся, ім прыйдзецца адседзець за ўцёкі. Следства высветліць, што менавіта прымусіла траіх зняволеных зрабіць неабдуманы, а магчыма, і загадзя пралічаны крок. Зноў жа неабходна высветліць, ці цягнецца за ўцекачамі крымінальны след на шляху іх руху. Бо некалькі дзён, якія злачынцы правялі на волі, трэба было хоць бы чымсьці харчавацца. І галоўнае, трэба зразумець мэту злачынства. Пра свае магчымыя планы праваахоўнікам затрыманыя пакуль не распавялі.