За ўжыванне наркотыкаў можа пагражаць адміністрацыйны артыкул

23 сентября 2014
Такі закон можа ўступіць у сілу ўжо гэтай восенню. Адказнасць будзе прадугледжваць некалькі выпадкаў з рознай ступенню пакарання. У тым ліку градацыя ўключае ў сябе выпадкі, калі чалавек знаходзіцца на працоўным месцы або за рулём аўто. Самыя жорсткія санкцыі прадугледжваюць штраф да трох мільёнаў рублёў. Пазбегнуць пакарання змогуць толькі тыя, хто ўжо змагаецца з нарказалежнасцю.

Васіль Лосіч, в.а. начальніка ўпраўлення МУС Беларусі: Тыя фігуранты, якія альбо знаходзяцца на ўліку і праходзяць курс лячэння, альбо выявяць жаданне лячыцца, будуць вызваленыя ад адміністрацыйнай адказнасці і перадавацца ва ўстановы аховы здароўя для лячэння.

Лічыцца, што ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці дапаможа знізіць распаўсюджванне наркотыкаў сярод моладзі. Студэнты і школьнікі не захочуць пляміць сабе рэпутацыю. Аб тым, наколькі актуальнае такое рашэнне, гаворыць статыстыка. У параўнанні з мінулым годам колькасць крымінальных спраў у дачыненні непаўналетніх узрасла ў восем разоў.