За апошні тыдзень самым папулярным відам транспарту стаў метрапалітэн

12 августа 2015

Там тэмпература на 5-7 градусаў ніжэй, чым на вуліцы. Максімальна камфортныя ўмовы ствараюць і ў наземным транспарце. Якім чынам? Даведаўся Ян Пашкевіч.

Уладзіслаў Майсяновіч тройчы на тыдзень правярае тэмпературу на кожнай з дваццаці дзевяці станцый падземкі. Падчас маніторынгу ён заўсёды спакойны – тэмпературы вышэй за норму тут не паднімалася яшчэ ні разу.

Кругласутачна за мікракліматам у метро сочаць і спецыяльныя датчыкі. Яны падтрымліваць неабходную тэмпературу і хімічны склад паветра. Пасля кожнага рабочага дня ўвесь метрапалітэн астуджаюць спецыяльнай тэхнікай.

Вось гэтая прылада, якая нагадвае рэактыўную турбіну, называецца станцыйны вентылятар. Пасля спякотнага дня на працягу ночы яна запампоўвае ў падземку свежае паветра. Аналагічная тэхніка ўсталяваная і ў тунэлі. Толькі яна выпампоўвае ўсю гарачыню з-пад зямлі.

Ва ўсім метрапалітэне ўсталявана больш за сто такіх велізарных вентылятараў. Адна турбіна прапускае скрозь сабе да 180 тысяч кубаметраў свежага паветра за гадзіну. У спякотныя дні вентыляцыйная тэхніка працуе ў асаблівым рэжыме.

Усебаковы кантроль за тэмпературай робіць метрапалітэн сапраўдным аазісам прахалоды.

Што да наземнага транспарту, то далёка не ў кожным аўтобусе, тралейбусе ці трамваі пасажыры адчуваюць сябе камфортна. Новыя мадэлі аўтобусаў абсталяваныя дахавым вентылятарам, які зацягвае ў салон свежае паветра. Таніраванае шкло затрымлівае каля 40% сонечных прамянёў, а яркія фарбы кузава адбіваюць святло. Кандыцыяніраванне ж салона транспарту ва ўмовах горада немэтазгоднае.

Сёння заканчваецца апошні дзень, калі на вуліцы за 30, заўтра спёка спадзе да 26-28 градусаў і дыхаць стане значна лягчэй.