Снежны цыклон прынёс у Беларусь нехарактэрныя для пачатку лістапада ападкі

2 ноября 2016

Але для камунальнікаў гэта не стала сюрпрызам. Дарожныя службы вывелі увесь парк спецтэхнікі на вуліцы яшчэ ноччу - з пачаткам снегападу.

Ці прынёс цыклон пашкоджанні і якая сітуацыя ў сталіцы на гэты час, даведаемся ў Надзеі Сербіненкі. Сёння мінчане літаральна не пазналі свой горад. За ноч Мінск пакрыла снегам. Моцныя ападкі прынёс цыклон Gisi. Атмасферныя франты з цэнтрам над Балтыйскім морам сталі прычынай непагадзі ў сталіцы.

Снежны цыклон прынёс у Беларусь нехарактэрныя для пачатку лістапада ападкі. Толькі ў Мінску за мінулую ноч снежнае покрыва вырасла да пяці сантыметраў. Дарожныя службы адразу выехалі на расчыстку магістраляў.

Зараз працягваюць прыбіраць снег у спальных раёнах. Рабочы дзень для трох тысяч дворнікаў сёння пачаўся раней, чым звычайна: а шостай гадзіне раніцы. На дапамогу людзям прыходзіць і спецтэхніка – спачатку брыгада расчышчае падыход да пад'ездаў і пешаходныя дарожкі, пасля праезную частку і паркоўкі.

Снегапад у лістападзе стаў выпрабаваннем і для раслін. У батанічным садзе першы снег накрыў яшчэ па-летняму "апранутыя" дрэвы. Напрыклад, канадскі цукровы клён яшчэ не паспеў скінуць лісце. Але, па словах батаніка-дэндролага Ігара Гарановіча, рэзкае пахаладанне і снег сур'ёзна не нашкодзяць дрэвам, а толькі паскораць надыход зімовай спячкі.

Ужо заўтра снежны цыклон накіруецца на Цвярскую вобласць Расіі. А дождж паступова змые снег у сталіцы. У прагнозах на найбліжэйшыя дні ападкі, туман і галалёд, што значна ўскладніць сітуацыю на дарогах.