Паўднёваафрыканскія жывёлы ў Мінску

13 марта 2015

У сталічным заапарку ўжо заўтра адкрыецца першы ў краіне экзатарыум. Дзіўны свет тропікаў стаў бліжэйшым. Тут можна будзе ўбачыць ацэлота, кракадзіла і пацешных малпаў. На дзвюх паверхах размясціліся больш за 80 відаў жывёл. А падчас адкрыцця наведвальнікаў чакае забаўная праграма, майстар-класы и атракцыёны. Юлія Токар паспела на апошнюю падрыхтоўку.

Менш за суткі засталося да адкрыцця экзатарыуму. У сталічным заапарку навасельцамі стануць рэдкія віды флоры і фаўны. Ацэлот, капібара і рознакаляровыя папугаі ара – дзіўны свет тропікаў стане дасягальным. Супрацоўнікі заапарка чакаюць, што ў хуткім часе тут жа паселіцца вялікі мурашкаед і ачковы мядзведзь.

Вольга Калмакова, начальнік асветніцкага аддзела Мінскага заапарка:

"Наш павільён экзатарыум будаваўся на працягу 10 гадоў. Гэта павільён, дзе будуць пражываць марскія драпежныя рыбы. Зразумела, мы пастараемся здзівіць нашых наведвальнікаў".

У павільёне створаны спецыяльны клімат тропікаў з некалькімі вадаёмамі, дзякуючы чаму падтрымліваецца пэўная вільготнасць. Усё для таго, каб жывёлы адчувалі сябе ўтульна. Нават вальеры набліжаны да рэальнай прыроды.

Над стварэннем дэкарацый працавалі прафесійныя мастакі. Агульная плошча аздаблення - больш за чатыры з паловай тысячы квадратных метраў.

З цягам часу экзатарыум пераўтворыцца ў сапраўдныя джунглі. Але і зараз тут можна ўбачыць вадаспады і лаўкі, стылізаваныя пад пірогі індзейцаў.

Зараз ідзе апошняя падрыхтоўка. Дапрацоўваюцца і ўпрыгожваюцца вальеры. Перасяляюць жывёл. І ўжо заўтра апоўдзень экзатарыум сустрэне сваіх першых наведвальнікаў.

Падчас адкрыцця гасцей чакае забаўная праграма, майстар-класы і атракцыёны. Зарад бадзёрасці і добрага настрою гарантаваны.