Якуб Колас. Захапленні і дасягненні яго сям'і

6 июня 2014

Угэтыя дні тэма спорту займае першыя радкі ўсіх інфармацыйных рэсурсаў. Шматлікія культурныя ўстановы вырашылі паддацца спартыўнай эйфарыі і абнаўляюць экспазіцыйныя прасторы. Упершыню амаль за 60-гадовую гісторыю мемарыяльнага музея Якуба Коласа тут прадстаўляюць класіка не ў выяве літаратурнага генія і нацыянальнага сімвала. Жыццё паэта без купюр. Захапленні і дасягненні яго сям'і. Бо да гэтага часу малавядомым застаецца факт спартыўных перамог самога Коласа, яго дзяцей і ўнукаў.


Алена Борматава - аб спартыўнай сям'і Міцкевічаў.


Білеты на Алімпійскія гульні ў Рыме - з асабістага архіва малодшага сына Коласа Міхася. Ён у 60-ым уваходзіў у афіцыйную алімпійскую дэлегацыю Савецкага Саюза як старшыня секцыі па стэндавай стральбе. Гэты від спорту асабліва папулярны ў сям'і Міцкевічаў. Майстрамі спорту былі яго сыны - сярэдні Юрка, які прапаў без вестак падчас Вялікай Айчыннай, і малодшы - Міхась. Дарэчы, меткасць і вытрымка ім перадалася ад бацькі.



Колас вельмі любіў гуляць у шахматы са сваім сябрам Янкам Купалам. Але мала хто ведае, што Пясняр быў яшчэ і выдатным стралком. Падчас Першай сусветнай вайны Канстанцін Міцкевіч - сапраўднае імя Коласа - быў першым у сваёй роце па стральбе з нагана.


Прафесійным спортам Колас не займаўся, але быў вельмі развітЫ фізічна. Падчас вучобы ў Нясвіжскай семінарыі мог падняць на плечы адразу чатырох семінарыстаў. І ў перацягванні на пальцах яму роўных не было.


Яшчэ адно захапленне Коласа перадалося па спадчыне - збор грыбоў. Тут ёсць нават свае сямейныя рэкорды. Пабіць дасягненні паэта да гэтай пары нікому з нашчадкаў не ўдалося - 700 баравікоў за сезон.


Шахматы - як і стэндавая стральба - сталі сямейнай традыцыяй. Апроч самога паэта, яго сын меў трэці разрад па шахматах. У іх гулялі і ўнукі. Яшчэ Міцкевічы займаліся лёгкай атлетыкай, вялікім тэнісам, спартыўнымі танцамі і барацьбой.


Амаль што ўсе экспанаты выставы дэманструюцца ўпершыню. Большасць фотаздымкаў і асабістых рэчаў - з прыватных архіваў дзяцей і ўнукаў Коласа.