Выстава мемаў праходзіць у Мінску

22 мая 2024

Мем як карцінка з сэнсам. Новы выставачны праект прэзентуе адна з мастацкіх галерэй у Верхнім горадзе Мінска. У экспазіцыі больш за сотню работ, у тым ліку створаных пры дапамозе мультымедыйных тэхналогій. Дапаўняюць экспазіцыю работы сучасных беларускіх аўтараў.

Мем як ідэя, вобраз і візуальны аб'ект. Квэсты, тэсты, рэбусы, коміксы ў фармаце інтэрнэт-мемаў. Нягледзячы на сваю адносна нядоўгую гісторыю, мем стаў масавай і вельмі папулярнай з'явай камп'ютарнай камунікацыі. У віртуальным асяроддзі - бум на адпаведныя медыяаб'екты. Узнікла нават пэўная мода на іх распаўсюджанне, стварэнне і тыражыраванне з дапамогай сацыяльных сетак, форумаў, блогаў, месэнджараў.

У кожнага пакалення свой слэнг, гумар і манера зносін. Крыніцай для такога гумару раней былі часопісы, тыпу “Кракадзіл”, тэлепраграмы “Смехапанарама”, “Крывое люстэрка”, зараз – інтэрнэт. Тут на выставе прадэманстраваны смешныя выявы. Галоўны бонус – класіка – добры настрой.

Анекдоты, гумарэскі, жыццёвыя сітуацыі, назапашаны вопыт прачытаных кніг, убачаных кінафільмаў і твораў мастацтва. Распаўсюджваюцца адаптаваныя мемы вельмі хутка - адным клікам у сусветнай інтэрнэт-павуціне.

Арганізатары падрыхтавалі тэматычныя квэсты, якія дазволяць у займальнай форме пазнаёміцца з экспазіцыяй, а таксама можна паслухаць падкаст па выставе проста са свайго смартфона.

Над праектам працавала каманда з 9 чалавек. Сярод іх навукоўцы, прадстаўнікі IT-сферы, крэатыўная моладзь.

Адна з частак экспазіцыі - работы сучасных беларускіх аўтараў, якія не проста дапаўняюць выставу, а дазваляюць зірнуць на з'яву інтэрнэт-мема зусім пад іншым вуглом - у прамым і пераносным сэнсах.

Прадстаўнікі розных узростаў знойдуць тут нешта сваё асаблівае. Карцінкі з 80-90-х, 2000-х гадоў. Словы, выявы, крылатыя выразы, відэа- ці гукавы рад, якія маюць абагульненае значэнне, інтэрпрэтаванае па-новаму. Пазнаёміцца з выставай можна да канца чэрвеня.