Час запасаць лекавыя расліны на зіму

26 июня 2014
Лета - час нарыхтоўваць не толькі саленні ды варэнні, але і запасаць лекавыя расліны на зіму. На жаль, найбольшую карысць усе яны прыносяць у свежым выглядзе, аднак захаваць вітаміны і частку летняга цяпла можна і дзякуючы засушцы. Як сабраць сваю зялёную аптэку і карыстацца лекавымі ўласцівасцямі траў круглы год, высвятляла Наталля Кузьміцкая.

Ад фітатэрапіі вырасла ўся сучасная медыцына, са старажытных часоў яе выкарыстоўвалі пры розных хваробах, пачынаючы з галаўнога болю і заканчваючы прастудамі. І сёння таблеткі і ўколы зусім не адмяняюць старыя добрыя рамонкі і крапіву.
Для фітэтэрапеўта Яўгена Шмярко ў лесе няма ніводнай расліны-пустазелля. У кожнага лісціка, карэнчыка ці кветкі свае каштоўныя ўласцівасці.
Зборы лекавых траў сёння можна купіць ў кожнай аптэцы. Аднак ці адказвае іх якасць неабходным патрабаванням? Мы можам быць упэўнены толькі ў тым, што іх правільна спакавалі і захоўваюць. Але 100-працэнтнай гарантыі, што сыравіна расла ў экалагічна чыстым месцы і сабрана па правілах, ніхто не дасць. Між тым гэта цэлая навука.
Акрамя засушкі з раслін можна прыгатаваць лекавыя настоі і адвары. Аднак найбольш карысці і вітамінаў у свежых раслінах.
Трэба памятаць, што галоўнае ў выкарыстанні лекавых раслін - дазіроўка. Напрыклад, з лісця ландыша можна атрымаць добры кардыялагічны прэпарат. Аднак гэта атрутная расліна, былі выпадкі, калі яе няправільныя дазіроўкі прыводзілі да спынення сэрца. Таму, каб сабранае карэнне, травы і лісце былі толькі на карысць, трэба параіцца са спецыялістам ці звярнуцца да навуковых даведнікаў і кніг.