У Палацы Незалежнасці зноў прымалі гасцей - стартавала серыя паказаў для дзяцей

3 января 2024

Традыцыя, якая акунае ў чароўную казку. У Палацы Незалежнасці сёння зноў прымалі гасцей. Святу ўжо шмат гадоў. Гэта ініцыятыва Прэзідэнта - дарыць цяпло, уражанні і пазітыўныя эмоцыі дзецям, якія ў гэтым маюць патрэбу больш за іншых.

Штогод Зала ўрачыстых цырымоній у перыяд калядных і навагодніх свят ператвараецца ў казачны зімовы гарадок. У дэкаратыўных хатках можна сваімі рукамі стварыць ёлачныя цацкі, паштоўкі, свечкі, маскі і намаляваць аквагрым. Сёлета на паказ запрасілі выхаванцаў дзіцячых дамоў, дамоў сямейнага тыпу, таксама навучэнцаў, якія дабіліся высокіх паказчыкаў у вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці. Усяго 250 дзяцей з розных куткоў нашай краіны. І гэта толькі сёння, разам яны перамагалі заморскага дракона і ратавалі Новы год.

Серыя паказаў для дзяцей толькі стартавала ў Палацы Незалежнасці. Наперадзе яшчэ 3 казачныя дні сярод вясёлых раставых лялек, знаёмых усім персанажаў. З кожным можна зрабіць фота на памяць.

І, вядома, куды без падарункаў ад самога Прэзідэнта. Унутры салодкія сюрпрызы, сімвал гэтага года па славянскім каляндары - Ласянё. А яшчэ паштоўка з цёплымі пажаданнямі ў Новым годзе.