У Палацы Незалежнасці па традыцыі свой першы пашпарт атрымалі юныя беларусы з розных куткоў нашай краіны

10 марта 2020
Сённяшні дзень у Палацы Незалежнасці прысвяцілі зусім не нарадам, а вельмі прыемнай падзеі. У гэтую нядзелю,  15 сакавіка, рэспубліка адзначыць  Дзень Канстытуцыі. Напярэдадні знакавага свята  па традыцыі свой першы пашпарт атрымалі юныя беларусы з розных куткоў нашай краіны. Гэты дзень, вядома, падарыў шмат уражанняў. Пачуцці розныя. Гэта і хваляванне, і радасць, і дзесьці нават разгубленасць. Усё-такі не кожны дзень бачыш Прэзідэнта асабіста (а менавіта Аляксандр Лукашэнка ўручыў юнакам і дзяўчатам дакумент - своеасаблівую пуцёўку ў дарослае жыццё). 

Сціплыя і адначасова дапытлівыя ў такім юным узросце (а ім па 14-15 гадоў) даказалі ў першую чаргу самім сабе, што вынік магчымы толькі дзякуючы працавітасці і ўпартасці. Менавіта таму яны сёння і ўдастоены такой увагі. Прэзідэнт  так і сказаў: "Малайцы! Заслужылі!"  Ну і, зразумела, у кожнага, хто  сёння апынуўся ў Палацы Незалежнасці, была магчымасць вывучыць яго інтэр'еры. Ды і з пустымі рукамі адтуль ніхто не пайшоў. Пра эмоцыі гэтага дня  Ілона Красуцкая. 

Новае пакаленне сучаснай Беларусі. Гледзячы на яго,   спрабуеш успомніць, якім быў ты ў свае 14-15 гадоў. 

У Палацы Незалежнасці юныя беларусы частыя госці. Выдатнікі, навучэнцы 8-9 класаў, пераможцы алімпіяд і конкурсаў атрымаюць свае першыя ў жыцці пашпарты. Сімвалічна, бо наперадзе Дзень Канстытуцыі. Запрасілі ўсяго  25 чалавек з усёй краіны, каб галоўны дакумент ім перадаў сам Кіраўнік дзяржавы.

Першы крок у дарослае жыццё


Зараз самы час  гаварыць пра магчымасці дарослага жыцця. Напрыклад, прад’явіўшы свой дакумент, узяць веласіпед у арэнду ці адправіцца за мяжу. Запаветная сіняя кніжачка ў руках - добрая падстава прымножыць такія якасці, як адказнасць і самастойнасць. 

У любым выпадку адчуеш сябе сталым, калі называюць  тваё імя  па бацьку. Новы этап - новая адказнасць са сваімі абавязацельствамі. А пакуль радасць адно за аднаго можна выказаць апладысментамі. 

Экскурсія для юных беларусаў


Пашпарты яны атрымлівалі ў Зале даверчых грамат. А якія ж астатнія?  Моладзі таксама дазволілі паглядзець. Серыя фота, і як тут не ўвайсці ў ролю! Даведаліся, дзе Прэзідэнт запісвае навагоднія звароты, дзе сустракаецца з замежнымі журналістамі і з якімі палітыкамі ў яго больш за ўсё фота. Такое сапраўды не пачуеш на ўроку ў школе! 

Дзень шчырых эмоцый


А потым замацавалі пройдзены матэрыял. Разам паглядзелі фільм пра Палац Незалежнасці. У гэтым іх адрозненне ад старэйшага пакалення - яны проста не ўмеюць стрымліваць эмоцыі. Калі ўжо і даваць ім волю, то толькі ад уражанняў. Падлеткі, але ўсё-такі яшчэ дзеці. Таму як без цукерак? Прэзідэнцкія ж без цукру! Можна з'есці адразу некалькі, а саму каробку захаваць на памяць. 

Вяртаючыся з палаца, ім хацелася хутчэй выйсці на сувязь - падзяліцца ўражаннямі з роднымі. Хтосьці ішоў і захоплена глядзеў фота. Шкада, што ўсё скончылася. А значыць, адначасова і стымул, каб трапіць сюды яшчэ раз. Прыйдзецца паказаць новы вынік.