Верталёт МНС Беларусі сёння вылецеў у Грузію для аказання дапамогі ў тушэнні лясных пажараў

22 августа 2017

Дапамагаць змагацца са стыхіяй ратавальнікі адправіліся па даручэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі МНС Беларусі, сітуацыя з пажарам у грузінскім нацыянальным парку Баржомі-Харагаулі дасягнула крытычнай адзнакі: агонь ушчыльную наблізіўся да населеных пунктаў і пагражае хатам і жыццям людзей. У беларускі экіпаж увайшлі 10 вопытных ратавальнікаў. Плануецца, што па дарозе машына ажыццявіць дазапраўку ў Растове-на-Доне.

Адзначым, верталёт Мі-26 - самы грузападымальны у свеце. Да прыкладу, за раз ён можа набраць 15 тон вады. Нагадаем, што раней беларускія ратавальнікі з такой жа місіяй паспяхова адпрацавалі ў Грэцыі, Сербіі і Расіі. Зараз адзін з бартоў аказвае дапамогу і Турцыі.