Веласіпедная дарожка з'явіцца ўздоўж праспекта Дзяржынскага

4 мая 2020
Абнаўленні ў велаінфраструктуры сталіцы. Веласіпедная дарожка з'явіцца ўздоўж праспекта Дзяржынскага. Тратуары размяжуюць на дзве паласы  для пешаходаў і веласіпедыстаў. 

Даўжыня новай веладарожкі складзе прыкладна восем кіламетраў. Акрамя таго, на пешаходных пераходах панізяць бардзюры. Як  наладжваюць велатрафік сталіцы - Ілья Цвяткоў.

Тысячы аматараў экатранспарту на вуліцах Мінска. І гэтаму спрыяе не толькі надвор'е, але і інфраструктура. Напрыклад, тут, уздоўж праспекта Дзяржынскага, зусім хутка з'явіцца новая веласіпедная зона,  выдзеленая спецыяльнай разметкай.

Арганізацыю руху двухколавых на адной са сталічных магістралей пачнуць ужо летам. Тратуары па абодвух баках  размяжуюць на дзве паласы  для пешаходаў і веласіпедыстаў. Акрамя таго, панізяць бардзюры на пешаходных пераходах. Даўжыня новай веладарожкі складзе прыкладна восем кіламетраў.

Паводле слоў спецыялістаў па арганізацыі дарожнага руху,  такое размежаванне  - мера бяспекі  як для веласіпедыстаў, так і для пешаходаў. Дарэчы, за трафікам двухколавых у Мінску супрацоўнікі ДАІ сочаць асабліва пільна. 

Вадзіцелям экабайкаў рэкамендуюць выкарыстоўваць спецыяльную экіпіроўку:  шлемы, пальчаткі і накаленнікі. Таксама звяртаюць увагу на складаныя ўчасткі дарог:  пры іх перасячэнні трэба быць максімальна асцярожным. За парушэнне правіл,  напрыклад, перасячэнне праезнай часткі ў неналежным месцы, для вадзіцеляў двухколавага транспарту прадугледжана вуснае папярэджанне і нават штраф  ад дваццаці сямі да васьмідзесяці аднаго рубля.