Валёнкі з узорамі вырабляе сталічны шапавал

23 декабря 2019
Цёплай зімой - цёплы абутак. Нягледзячы на анамальна цёплае надвор'е сёлета шапавалы не застаюцца без працы. Мінчанін Аляксандр Самусеў распрацаваў мадэлі ботаў з лямцу і валёнкі з ўзорамі. Мужчына працягвае справу свайго дзеда і ўручную робіць валёнкі па традыцыях дрыбінскага шапавальства. Для вырабу абутку майстар выкарыстоўвае толькі воўну і цёплую ваду. Валёнкі беларускага майстра носяць не толькі ў Беларусі, а і за мяжой.
Падрабязнасцi у Наталлі Кезік.

Для валення падыходзіць толькі паўгрубая воўна авечак раманаўскай пароды

Якасны матэрыял Аляксандр Самусеў бачыць здалёк - дапамагае дваццацігадовы вопыт. Самыя першыя ўрокі па валенні браў яшчэ ў юнацтве ў свайго дзядулі. Сапраўднага дрыбінскага шапавала. 
Але шапавальства не адразу стала справай жыцця. Дваццаць гадоў таму ізноў зацікавіўся цёплым рамяством. З тых часоў і вырабляе валёнкі па старадаўняй тэхналогіі. Пад майстэрню Аляксандр абсталяваў уласны гараж і сабраў арсенал сваіх інструментаў. 

Вытворчасць валёнкаў - працэс няпросты. Каб зваляць пару абутку, неабходны кілаграм воўны. 

Яе папярэдне ачышчаюць да стану пуху, затым надаюць пэўную форму. Паўфабрыкатны валёнак апрацоўваюць некалькі гадзін, час ад часу паліваюць гарачай вадой. Насаджваюць на калодку, апошняя працэдура - сушка. Такім чынам, на выраб адной пары неабходна прыкладна чатыры дні. Яшчэ некалькі – на дызайн. 
Акрамя класічных валёнкаў стварае майстар і больш сучасныя мадэлі, напрыклад, вось такі абутак. Першапачатковая тэхналогія вытворчасці не мяняецца, затым аўтар проста дадае падэшву, шнуркі і дэкор. 

За месяц Аляксандр Самусеў стварае каля дзесяці пар абутку

Не так многа, але ў гэтым і цана. Штучны тавар - адзінкавы. Сёлетняя анамальна цёплая зіма не паўплывала на колькасць заказаў. Аляксандр без працы не сядзіць. Бо валёнкі ад нашчадка дрыбінскага шапавала носяць не толькі ў Беларусі – шмат заявак ад жыхароў Расіі, Латвіі, Германіі, Канады і ЗША.