У Жыткавіцкім раёне функцыянуе пантонная пераправа побач з мостам, што трэснуў

11 декабря 2017

Больш за 150 метраў у даўжыню і грузападымальнасць да 60 тон. У Жыткавіцкім раёне функцыянуе пантонная пераправа побач з мостам, што трэснуў. Па часовым могуць перамяшчацца пешаходы, веласіпедысты і ўсе віды транспарту, у тым ліку і грузавыя аўтамабілі. Рух рэгулююць супрацоўнікі ДАІ. Навядзеннем пантоннага моста займаліся вайскоўцы і ратавальнікі, а дарожныя службы займаліся падсыпкай дарог. Першым пантонную пераправу пераадолеў ваенны аўтамабіль КрАЗ - адзін з тых, што дастаўляў канструкцыі да месца мантажу. Вольга Халадовіч ацаніла тэст-драйв.

Гэта літаральна апошнія рэйсы па воднай роўнядзі. Вайскоўцы і ратавальнікі ўзводзяць пантонную пераправу.

150 метраў у даўжыню і 6,5 у шырыню. Па такіх понтонах падчас ваенных вучэнняў перапраўляецца армейская тэхніка і нават танкі.

Валерый Жураўлёў, намеснік камандзіра 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады: "Выпрабавалі яго з дапамогай звяна, размешчанага на КрАЗе агульнай масай 20 тон. Мост вытрымаў, гатовы да пераправы на другі бок. Шырыня не дазваляе арганізаваць двухбаковы рух, таму для бяспекі насельніцтва будзе працаваць толькі ў адным кірунку. Будуць усталяваны святлафоры, якія будуць рэгуляваць і ў адным кірунку, і ў другім. Спачатку едуць у адным кірунку, потым у другім".

Услед за спецтэхнікай зялёнае святло людзям і ўсім відам транспарту - ад легкавых да грузавых. Пантонная пераправа можа вытрымаць 60 тон.

Пантонны мост мясцовыя жыхары ўжо назвалі дарогай жыцця. Ён злучае два населеныя пункты - Жыткавічы і Тураў. У апошнім знаходзяцца самыя буйныя ў рэгіёне прадпрыемствы - кансервавы завод, фермерская гаспадарка і малочны камбінат. Таму мост тут - ключавое звяно эканомікі рэгіёна.

З 300 работнікаў Тураўскага малочнага камбіната 60 жывуць у Жыткавічах. На працу прыходзілася ездзіць альбо на катары МНС, альбо ў аб'езд цераз Мазыр. Зараз усё вернецца ў звыклы рэжым - пантонная пераправа зноў звязала два населеныя пункты. Колькі часу будзе закрыты асноўны мост - пакуль не вядома. Што тычыцца пантоннай пераправы, яна можа функцыянаваць да таго часу, пакуль не пачнуцца моцныя маразы і не замерзне вада ў рацэ.

Дзмітрый Гайкевіч, старшыня Жыткавіцкага райвыканкама: "Да пятніцы будзе заключэнне папярэдняе, у якім камісія Мінтранса дасць ужо афіцыйнае заключэнне. Пакуль мы зрабілі тое, што трэба было зрабіць аператыўна".

Мост у Жыткавіцкім раёне быў пабудаваны больш за 30 гадоў таму, а год таму тут правялі рэканструкцыю. Далейшы яго лёс вырашыць спецыяльная камісія. Дарэчы, ёсць яшчэ тры масты, што пабудаваны па такім жа праекце. Усе яны будуць правераны спецыялістамі.