У Японіі медыцынскія маскі шыюць з аршанскага лёну

23 апреля 2020
Гэтыя кадры мы атрымалі з Японіі: у прэфектуры Ісікава наладзілі вытворчасць медыцынскіх масак з аршанскага лёну. Сродкі індывідуальнай засцярогі з матэрыялу беларускага льнокамбіната прыемныя для скуры і падыходзяць для штодзённага нашэння, адзначаюць японскія імпарцёры. Дзякуючы прыродным антыбактэрыяльным уласцівасцям валакна, яны больш гігіенічныя ў параўнанні з іншымі. Іх таксама зручна праць, што важна пры шматразовым выкарыстанні. 

Сега Фурусава, прадстаўнічы дырэктар кампаніі NBR: "Зараз, калі эпідэмія каранавіруса распаўсюджваецца, усё больш адзначаецца дэфіцыт звыклых японцам масак, расце попыт на нашы льняныя маскі. Акрамя таго, зараз шматлікія людзі застаюцца дома, на аддаленай працы, і робяць сабе маскі самастойна, і беларуская льняная тканіна для гэтага падыходзіць лепш усяго. Натуральныя, прыродныя якасці робяць яе выдатным матэрыялам для нашэння ў цесным кантакце з адчувальнай скурай. Лён - найлепшая тканіна. Упэўнены, што гэта - заслуга беларускіх вытворцаў". 

Маскі карыстаюцца попытам не толькі ў жыхароў Токіа, але і іншых японскіх гарадоў. Іх можна заказаць анлайн - у інтэрнэт-магазінах.