У цэнтральным рэгіёне сёння маштабны абласны суботнік

28 марта 2015

Працоўны дзень на свежым паветры і ў Мінскай вобласці - у цэнтральным рэгіёне сёння маштабны абласны суботнік. Наводзіць парадак у сваіх раёнах выйшлі больш за 500 тысяч чалавек. Асаблівая ўвага - добраўпарадкаванню мемарыяльных комплексаў і помнікаў. А ўсе заробленыя сродкі накіруюць на рэканструкцыю гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна". Да добраўпарадкавання далучылася і наша здымачная група.

Расказвае Наталля Кезік. Сёння на працу з гарачай кавай і ў цёплым адзенні. Надвор’е, на жаль, не спрыяе ўборцы на свежым паветры, але навесці чысціню на адведзенай пляцоўцы трэба.

Сёння прадстаўнікі ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінскага аблвыканкама наводзілі парадак на гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна". У планах пакуль толькі прыбраць тэрыторыю ад смецця, каб наступным разам пачаць абнаўленне баявой тэхнікі.

Таксама падчас суботніка каля Нацыянальнага аэрапорта, на трасе Мінск - Мікашэвічы і ў Хатыні работнікі лясніцтваў высадзілі алеі дрэваў.

Больш за 500 тысяч чалавек ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці выйшлі на суботнік. І галоўнае заданне на сёння - навесці парадак ля помнікаў і мемарыяльных комплексаў.

Іх у Мінскай вобласці больш за 1800. Дарэчы, у аблвыканкаме вырашылі, куды пойдуць заробленыя сёння грошы. Іх накіруюць на рэканструкцыю гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”.

На працягу месяца суботнікі запланаваныя на кожны тыдзень. Калі ў наступныя выхадныя паспрыяе надвор’е, то пачнуць фарбаваць і аднаўляць абсталяванне ў дварах жылых дамоў і грамадскіх месцах адпачынку.