У трэці фестывальны дзень быў дадзены старт праекту "Беларусь. Моладзь. Натхненне"

19 июля 2020
З Віцебска ў рэгіёны стартаваў моладзевы цягнік. Студэнты, прадстаўнікі працоўных калектываў, валанцёры з усёй краіны наведаюць абласныя і раённыя цэнтры, азнаёмяцца са славутасцямі, наведаюць мемарыяльныя комплексы. Аб дні моладзі на "Славянскім базары" - Марына Раманоўская.

Фестывальны Віцебск не спіць нават уначы - кінапаказы, шоу-праграмы, выступленні вулічных артыстаў 

Дзень моладзі на "Славянскім базары" - гэта заўсёды модна, крэатыўна і весела. Турнір па кіберспорце, дваровыя гульні, інтэрактыўныя праекты. Ёсць дзе разгуляцца, калі поўны сіл і малады душой. Фестывальны Віцебск не спіць нават уначы - кінапаказы, шоу-праграмы, выступленні вулічных артыстаў. Запомніцца гасцям "Славянскага базару" і моладзевы парад: святочная калона пракрочыла ад плошчы Перамогі да чыгуначнага вакзала.

Моладзевая каманда адправілася ў падарожжа па Беларусі

Некалькі хвілін на інтэрв'ю - і час займаць месцы ў цягніку. Пазнаць удзельнікаў праекта можна па фірмовых футболках. У вялікае падарожжа адправіліся каля ста чалавек. Спартсмены, удзельнікі руху студатрадаў, валанцёры, даследчыкі-пачаткоўцы. У камандзе - моладзь з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Падарожжа па Беларусі прадоўжыцца тыдзень. Сачыць за рухам можна ў рэжыме рэальнага часу

Наперадзе - насычаны падзеямі тыдзень. Удзельнікі праекта наведаюць знакавыя і памятныя месцы, паўдзельнічаюць у адкрытых дыялогах, пагутараць з такімі ж ініцыятыўнымі і крэатыўнымі. Кожны прыпынак - гэта новыя знаёмствы і новыя адкрыцці. З сабою вязуць вось такія карткі з малюнкам славутасцяў Беларусі. Паштоўкі з пажаданнямі міру і дабра разляцяцца па ўсёй краіне.
З Віцебска стылізаваны састаў адправіўся роўна ў 23 гадзіны. Дарэчы, сачыць за рухам цягніка можна анлайн на афіцыйным сайце праекта. На інтэрактыўнай карце адзначаныя населеныя пункты, якія наведае моладзевая каманда. Тут жа ўказаны час прыбыцця і адпраўлення цягніка.

Моладзевы цягнік сустракае Магілёўская вобласць

Сёння ўдзельнікаў праекта сустракаюць у Магілёўскай вобласці. Дзень насычаны экскурсіямі - моладзевая каманда наведае Трафімаву крыніцу, Пятроўскі вал, мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле". Першая фотасправаздача ўжо на афіцыйным сайце праекта.