У сталіцы адкрыўся памятны знак "Вартавым мяжы ўсіх пакаленняў"

25 мая 2018

У сталіцы ўрачыста адкрыўся памятны знак "Вартавым мяжы ўсіх пакаленняў". Мерапрыемства прымеркавана да святкавання 100-годдзя органаў памежнай службы. Сімвалічны выбар не толькі часу, але і месца. Тут, на бульвары Талбухіна, размяшчаецца будынак Дзяржпагранкамітэта, а ў скверы размешчана брацкая магіла, дзе пахаваны некалькі дзясяткаў абаронцаў Айчыны, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх - 40 пагранічнікаў. У цэнтры кампазіцыі - стылізаваны памежны слуп, ён выкананы са светлага граніту і сімвалізуе мужнасць і стойкасць байцоў ведамства.

Дададзім, што скульптар Генадзь Буралкін яшчэ ў 2000 годзе працаваў над стварэннем вядомага мемарыяльнага комплексу "Воінам-пагранічнікам" у Гродне. Адкрыццё памятнага знака ў Мінску стала чацвёртым у чарзе аналагічных падзей, прымеркаваных векавому юбілею памежных войскаў. Наперадзе адкрыццё яшчэ двух памятных знакаў.