У сталічным доме ўзводзяць спецыяльны ліфт на другі паверх для інваліда

19 мая 2015

Здавалася б, праблемы няма: з аднаго боку - безбар'ернае асяроддзе, а вось з іншага - незадаволеныя суседзі. Паводле іх слоў, канструкцыя можа не толькі парушыць вонкавы выгляд пад'езда, але і закрыць доступ святла ў пакоі на першым паверсе. Ці ёсць іншыя варыянты ў вырашэнні праблемы - высвятляў Аляксандр Харавец.

Пад'езд гэтага сталічнага пяціпавярховіка ўпрыгожаны фатаграфіямі з незвычайнымі краявідамі. Аўтар прац - Максім Вейзе - неаднаразовы пераможца міжнародных фотаконкурсаў. Каб зрабіць адзін такі здымак, ён траціць не толькі шмат часу. Пасля няшчаснага выпадку мужчына можа перасоўвацца толькі на інвалідным крэсле.

Пасля шматгадовай перапіскі з мясцовымі ўладамі выйсце з сітуацыі нарэшце знайшлі. І каля пад'езда пачалі будаваць пад'ёмную канструкцыю. Дзякуючы ёй мужчына з лёгкасцю зможа падняцца і спусціцца на другі паверх. Аднак узвядзенне персанальнага ліфта пад вокнамі абурыла суседзяў. Паводле іх слоў, ліфт сапсуе не толькі вонкавы выгляд двара, але і закрые доступ святла ў пакоі.

Больш як 2 метры ў шырыню і амаль 7 у вышыню. Гэта памеры будучага ліфта. Людзей турбуе і той факт, што канструкцыю ўзводзяць без папярэдняй экспертызы.

У адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы адзначаюць: экспертыза для будаўніцтва ліфта не патрэбная. Уладкаваць лесвічныя пралёты спецыяльнымі пад'ёмнікамі таксама немагчыма па нормах МНС – у пад'ездзе не хапае месца.

Аднак і тут ёсць але. Максім не з'яўляецца ўласнікам кватэры. А яе ўладальнікі супраць абмену. Пад'езд тут скразны - з двума выхадамі. У жыхароў ёсць яшчэ адзін варыянт вырашэння праблемы. Людзі прапаноўваюць заблакіраваць другія дзверы, якімі практычна ніхто не карыстаецца. А з боку двара збудаваць пад'ёмную канструкцыю. Аднак як раз у гэтым месцы пралягаюць камунікацыі. І ўсталяваць ліфт пакуль немагчыма.

Пакуль жа будаўнічыя працы прыпыненыя да 25 мая. За гэты час улады абяцаюць яшчэ раз разгледзець усе варыянты і знайсці аптымальнае выйсце з сітуацыі.