У Салігорскім раёне падчас лабавога сутыкнення аўто загінуў пасажыр

28 июля 2021

Высвятляюцца абставіны ДТЗ у Салігорскім раёне - падчас лабавога сутыкнення аўто загінуў пасажыр. Вядома, што 34-гадовы вадзіцель "аўдзі" рухаўся з боку вёскі Пагост у напрамку Салігорска. Паблізу ад аўтазаправачнай станцыі выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе і сутыкнуўся з "лексусам". У выніку аварыі 23-гадовы пасажыр "аўдзі" загінуў на месцы, вадзіцель з траўмамі шпіталізаваны. Па факце ДТЗ узбуджана крымінальная справа.

Тым часам Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці агучыла вынікі акцыі па кантролі за вадзіцелямі мотатранспарту. За 12 дзён выявілі больш за тысячу парушэнняў. Рэйдавыя мерапрыемствы праходзілі ў кожным раёне, у тым ліку і з выкарыстаннем службовага мотатранспарту. У выніку затрыманы 133 бяспраўнікі, зафіксаваны 21 факт кіравання байкам у нецвярозым стане. Паўтары сотні мотаўладальнікаў пазбавіліся сваіх транспартных сродкаў. Каб мінімізаваць гэтыя лічбы, супрацоўнікі ДАІ нагадваюць пра культуру ваджэння і выкананне правіл дарожнага руху.