У Слуцку прайшоў святочны абласны навагодні паказ

29 декабря 2013

Слуцк сабраў самых таленавітых дзяцей цэнтральнага рэгіёну. Там прайшоў святочны абласны навагодні паказ. Павіншаваць амаль шэсцьсот дзяцей прыехалі губернатар Мінскай вобласці і міністр адукацыі Беларусі. Дарэчы, ужо сямнаццаць падобных святаў прайшлі па ўсёй вобласці.


Галоўную ёлку рэгіёну ацаніла і Надзея Сербіненка. У Слуцку з самай раніцы панаваў святочны настрой. На галоўнай плошчы горада гучала музыка, на сцэне дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах, а на тварах усіх случчан былі радасныя ўсмешкі.


На галоўнае свята Мінскай вобласці - навагоднюю ёлку - прыехалі лепшыя з лепшых. Амаль шэсцьсот дзяцей з усяго рэгіёну сёлета сабраліся менавіта на Случчыне, каб разам адсвяткаваць сустрэчу Новага года. Міністр адукацыі таксама далучыўся да віншаванняў.


Сяргей Маскевіч, Міністр адукацыі Беларусі: Напярэдадні Новага года хочацца пажадаць здароўя, поспехаў, шчасця, каб менавіта дзіцячая радасць заўсёды суправаджала працу ў школе, у дашкольнай установе, у ВНУ. Радасць дзяцей - гэта галоўны паказчык здаровага грамадства.


Сярод ганаровых гасцей - Сямён Шапіра, губернатар цэнтральнага рэгіёну. Ён ахвотна ацаніў майстэрства юных талентаў падчас экскурсіі па алеі забаў. Тут і сапраўдная Снежная каралева, і фокуснікі, і героі вядомых казак. Сямён Барысавіч прызнаўся, што менавіта Новы год - яго любімае свята.


Дэлегацыі і журналістам асабліва спадабалася выстава духмянага мыла, зробленая дзецьмі слуцкіх школ. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў яны вараць натуральнае мыла з эфірнымі масламі і вітамінамі.


Сёння ў Слуцку для дзяцей зроблена ўсё, толькі каб яны былі шчаслівыя і задаволеныя. Так, атракцыён Мыльная бурбалка спадабаўся не толькі дзецям, але і дарослым.


Пакуль у зале дзеці чакалі навагодняй імпрэзы, самі артысты апошні раз перад выступленнем рэпеціравалі і, вядома, вельмі хваляваліся.


Ганну і Віку запрасілі на абласную ёлку невыпадкова. Сямікласніца Вікторыя паказвае высокія спартыўныя дасягненні: на лёгкаатлетычным кросе яна заняла другое месца. А Ганна сама з задавальненнем распавядае пра сваё захапленне.


Найлепшым падарункам для ўсіх дзяцей стаў святочны канцэрт, які цалкам падрыхтавалі таксама юныя артысты. А для многіх такая яркая сустрэча Новага года стане адным з самых незабыўных імгненняў дзяцінства.