Напярэдадані Дня Хатынскай трагедыі праходзіць акцыя "Прыйдзі і пакланіся. Жывая дарога памяці"

20 марта 2021

Наша ваенная гісторыя - гэта гісторыя герояў і непераможнага народа. Хаця зараз нас, пераможцаў, хочуць прымусіць забыць гэтую перамогу, час ад часу займаючыся падменай праўды. Але забыць нельга. Напярэдадні Дня Хатынскай трагедыі ва ўсіх кутках нашай краіны праходзіць патрыятычная акцыя "Прыйдзі і пакланіся. Жывая дарога памяці". Беларусы нясуць кветкі да манументаў спаленых вёсак, бо гібель жыхароў Хатыні - не выпадковы эпізод вайны, а адзін з мноства фактаў, які гаворыць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду фашыстаў у дачыненні да народа Беларусі. Страшны лёс спасціг 9 тысяч вёсак. У памяць аб загінуўшых сёння прайшлі мітынгі-рэквіемы ў розных рэгіёнах.

У мемарыяльным комплексе "Ала" ўшанавалі памяць загінуўшых

Маршрут "Жывой дарогі памяці" ў Гомельскім рэгіёне праклалі па вёсцы Ала, спаленай і ўзноўленай у мармуры і бетоне. Адзін з найбуйнейшых і маладых у краіне мемарыяльных комплексаў сёння сустракаў цяперашняе пакаленне рэгіёна. Дзясяткі людзей прыехалі сюды, каб ушанаваць памяць загінуўшых у агні Алы.  

Маленькая светлагорская вёска Ала стала агністым капканам для жыхароў 12 навакольных вёсак. Людзі згарэлі жыўцом, многія былі расстраляныя. Амаль 2 тысячы загінуўшых. Па колькасці ахвяр гэта 12 Хатыняў. Сёння маладыя людзі прайшлі па сімвалічнай сельскай вуліцы і ўсклалі жывыя кветкі да мармуровых пліт.

Удзельнікі патрыятычнай акцыі маршрут "Жывой дарогі памяці" вырашылі прадоўжыць. Ад мемарыяльнага комплексу расцягнулася вялізная аўтакалона. Дзясяткі машын узялі курс на населеныя пункты раёна, якія таксама закрануў фашысцкі агонь. Ад Алы да райцэнтра праз Хутар і Чкалава.

Маршрут расцягнуўся прыкладна на паўсотні кіламетраў. Прыпынкамі сталі памятныя мясціны, дзе ўдзельнікі аўтапрабегу таксама аддалі даніну павагі загінуўшым у гады вайны.

Мітынг-рэквіем прайшоў у Пружанах

Яны выпалены на сэрцы нацыі: 57 згарэлых вёсак і 11 тысяч загубленых жыццяў. У Пружанскім раёне сёння ўспамінаюць мірных жыхароў, якія загінулі ад рук фашызму. Мітынг-рэквіем прайшоў ля манумента, што сімвалізуе памяць аб усіх населеных пунктах, знішчаных фашыстамі.

Помнік спаленым вёскам у Пружанах усталявалі ў 2005 годзе, ён зроблены ў выглядзе полымя, якое дагарае. Калі пачалася вайна, Соф’і Карпей было сем гадоў. Яе і двух маленькіх братоў немцы схапілі і адправілі ў канцлагер. Самы малодшы - аднагадовы Сеня - памёр там ад голаду.

Падчас мітынгу зачытвалі ўспаміны тых, хто выжыў. Так, у студзені 1944 года была спалена вёска Байкі. У агні загінулі ўсе 957 мясцовых жыхароў. Ворагі не пашкадавалі нават немаўлят.

Памяць ахвяр вайны - закатаваных і спаленых - ушанавалі хвілінай маўчання.

Шэсць са спаленых вёсак Пружанскага раёна так і не аднавіліся пасля вайны. Але беларусы памятаюць. І гэта тое, што аб'ядноўвае нас сёння.

Шунёўка - вёска, якой няма

Шунёўка - вёска, якой няма на карце Беларусі. 22 мая 1943 года - дзень страшнай расправы карнікаў над мірнымі жыхарамі.

Досвіткам фашысты сагналі вяскоўцаў у адрыну і падпалілі, дзяцей кінулі ў калодзеж і закідалі гранатамі. У той дзень загінулі 66 чалавек. Выратавацца ўдалося толькі некалькім жыхарам.

Пасля вайны Шунёўка не адрадзілася. Па ініцыятыве жыхароў раёна тут пабудавалі мемарыяльны комплекс. Пліты на месцы спаленых сядзіб, бетонны зруб калодзежа і фігура жанчыны, якая поглядам праклінае фашызм і просіць нашчадкаў: "Прыйдзі і пакланіся".

Жывая дарога памяці

У Докшыцкім раёне ў гады вайны загінуў кожны трэці. У памяць аб іх хвіліна маўчання. Сёння на месца страшнай трагедыі прыйшлі беларусы, якім ёсць чым ганарыцца і ёсць што страчваць. Словы "мірнае неба" для іх не штамп, а святыня.

Напярэдадані Дня Хатынскай трагедыі жывая дарога памяці звязала сотні пунктаў на карце Віцебскай вобласці. Ля мемарыялаў - вялікіх і не вельмі - ляжаць жывыя кветкі як пацвярджэнне слоў: "Мы памятаем".