У навагоднюю ноч у цэнтральным рэгіёне нарадзіліся амаль 50 дзяцей

4 января 2014

Калі ў ролі Дзеда Мароза выступаюць жанчыны. У навагоднюю ноч у цэнтральным рэгіёне нарадзіліся амаль 50 дзяцей. Пакуль малышы знаёмяцца з навакольным светам, урачы ўважліва сочаць за здароўем немаўлят.


Антаніна Станкевіч пазнаёмілася з нованароджанымі і іх мамамі. Маленькі волат Ян, што нарадзіўся вагою тры з паловай кілаграмы і амаль 54 сантыметры ростам, не звяртае ўвагі на нашу тэлекамеру. Добра есці і спаць - вось галоўныя абавязкі хлопчыка. А вось абавязковы візіт медсястры падабаецца яму куды менш. Але - трэба. Маці Надзея і не хавае свайго шчасця: сына чакалі на Каляды, але атрымаўся падарунак на Новы год.


Алена таксама ў навагоднюю ноч у радзільны дом не збіралася. Ехала ў госці да сваякоў, але маршрут прыйшлося змяніць. Праз некалькі гадзін тату і старэйшую дачку парадавалі навіной: хлопчык Іван, вага - 3 150. Больш за ўсіх хвалюецца сястра, і хоць дзяўчынцы ўсяго два з паловай гады, яна ўжо прыдумала сабе шэраг абавязкаў.


Урачы Мінскага абласнога раддома распавядаюць: напярэдадні, 31 снежня, ледзь паспявалі прымаць нованароджаных. А вось уначы і мамы, і малышы вырашылі пашкадаваць урачоў. Нарадзіліся толькі хлопчык і… хлопчык.


Дарэчы, сёлета ў абласным раддоме прынялі амаль на паўтысячы дзяцей больш, чым летась. І гэта не выпадковасць, а тэндэнцыя, адзначаюць спецыялісты. Такія ж навіны прыходзяць і з іншых раёнаў вобласці.