У Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе з'явіўся першы турыстычны электробус

4 мая 2016

Экаінавацыі - на практыцы. Беларусь паступова пераходзіць да зялёнай эканомікі. Так, сёння у Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе з'явіўся першы турыстычны электробус. Надзея Сербіненка пра рэалізацыю зялёных ініцыятыў.

Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс - адзін з самых буйных турыстычных аб'ектаў Беларусі. Штогод яго наведваюць паўмільёна турыстаў з розных краін свету. Сёння гістарычны аб'ект стаў пляцоўкай для экаінавацый. Першы электробус з'явіўся ў аўтапарку комплексу.

Новы электрамабіль разлічаны на 20 турыстаў. Спраектаваны ён так, каб пасажыры адчувалі сябе максімальна камфортна - шырокія вокны, бясшумны ход і аўдыягід. Зараджаецца аўтобус ад звычайнай разеткі. Поўнай зарадкі хапае на 70 кіламетраў.

Купля электробуса - частка праекта пераходу Беларусі да зялёнай эканомікі. Яго арганізатары – Еўрасаюз і праграма развіцця ААН у Беларусі. Галоўны куратар зялёных ініцыятыў – Міністэрства прыродных рэсурсаў.

На тэрыторыі Мінскай вобласці ўжо рэалізуецца некалькі зялёных ініцыятыў - вытворчасць экапаперы з макулатуры ў Барысаве, збор і вырошчванне лекавых раслін у Мядзельскім раёне і захаванне папуляцыі рэдкіх птушак – у Налібоцкай пушчы.