Штраф за выратаванне жыцця

16 февраля 2016

У няпростую сітуацыю трапіў вадзіцель хуткай дапамогі ў Камянецкім раёне. Яму пагражае штраф за перавышэнне хуткасці. І вось у чым парадокс - мужчына спяшаўся на экстранны выклік, рухаўся з пробліскавымі маячкамі... і стаў ахвярай фотафіксацыі. Ці будзе вадзіцель плаціць за выратаванне жыцця - у сітуацыі разбіралася Вікторыя Патоня.

Вадзіцель хуткай дапамогі з дзесяцігадовым стажам Дзмітрый Янчук сваіх эмоцый не ўтойвае. Гаворыць: спяшаўся на экстранны выклік, а не ў магазін. Перавышэнне хуткасці зафіксавала стацыянарная фотакамера ДАІ. Але плаціць штраф 420 тысяч рублёў Дзмітрый не згодзен.

Дзмітрый Янчук, вадзіцель брыгады хуткай дапамогі Высакоўскай гарадской бальніцы: "Такія вадзіцелі спецтранспарту не павінны плаціць штраф за перавышэнне хуткаснага рэжыму, таму што мы ратуем жыцці пацыентам. Іншы раз ідзе час на секунды".

Выпадкі, калі вадзіцелі хуткай дапамогі вымушаныя націскаць на газ, нярэдкія - падкрэслівае дасведчаны фельчар Святлана. Асабліва, калі выклік экстранны або неадкладны. У гэтым выпадку гаворка ідзе не проста аб здароўі, аб жыцці чалавека.

Да таго ж, брыгада хуткай дапамогі абавязаная прыбыць на месца выкліку за пэўны час. Толькі вытрымаць гэтыя нарматывы, не перавышаючы хуткасць, удаецца не заўсёды.

Для камер фіксацыі ўсе машыны (грамадзянскія і спецыяльнага прызначэння) аднолькавыя. І нават калі на аўтамабілі хуткай дапамогі ўключаныя пробліскавыя маячкі, разгледзець іх на фота практычна немагчыма. Галоўнае - гэта рэгістрацыйныя нумары парушальніка.

Штодня "лісты шчасця" прыходзяць і на аўтабазу медустаноў Брэста. Тут ужо адпрацаваная схема, як адстойваць вадзіцеляў, якія імчацца на хуткай не па ўласных справах. Доказы ў цэнтр фіксацыі правапарушэнняў неабходна адправіць на працягу пяці дзён.

Станіслаў Салавей, старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ МУС Беларусі: "Перад тым як друкуецца пастанова, яна праходзіць шэраг праверак. Спачатку ў аўтаматычным рэжыме - звяраецца знак аўтамабіля, потым аператары сочаць, каб не было памылак. Потым у ДАІ звяраюць усе дадзеныя і адпраўляюць пастанову вадзіцелю".

Дзмітрый Янчук ужо звярнуўся ў пракуратуру, каб абскардзіць рашэнне аб спагнанні з яго штрафу. Але нават калі пытанне вырашыцца не на яго карысць, у наступны раз вадзіцель ўсё роўна націсне на газ, каб выратаваць яшчэ адно жыццё.