У Мінскай вобласці развіваюцца профільныя класы аграрнай накіраванасці

21 декабря 2018

Новаўвядзенні ў адукацыі для эфектыўнай работы аграпрамысловага комплексу! У Мінскай вобласці развіваюцца профільныя класы аграрнай накіраванасці. Сёлета селі за парты больш за 200 вучняў у 37 школах. Самыя вялікія агракласы ў Крупскім, Барысаўскім, Стаўбцоўскім, Дзяржынскім раёнах. Новыя веды ўмацоўвае і практыка на сельгаспрадпрыемствах. Такім чынам у старшакласнікаў ёсць дадатковая магчымасць паступіць у профільныя ВНУ. Пра выбар прафесіі падрабязней Аляксей Кандраценка.

Суніцы, вішня або сліва! Толькі на такіх занятках даведваешся ўвесь навукова-практычны «смак» гэтых і іншых культур. З восені дзесяцікласнікі Дзераўнянскай сярэдняй школы паклалі ў свой кошык веды з раслінаводства. Зіма - перыяд для жывёлагадоўлі.
Яшчэ адзін важны аспект у адукацыі – практыка! Узімку, вядома, няма аніякіх палявых работ. Але шмат чаго цікавага можна даведацца на мехдвары ці малочнатаварным комплексе. У гаспадарцы «Дзераўное» добрыя вынікі ў мяса-малочнай вытворчасці. Сваім вопытам аграрыі з задавальненнем дзеляцца са школьнікамі. А тым, хто будзе вучыцца ў профільным універсітэце, і дадатковай стыпендыяй дапамогуць.
Пакуль жа старшакласнікі вызначаюцца з дакладным выбарам прафесіі. Дзераўнянская школа супрацоўнічае з Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэтам у Мінску амаль 20 гадоў. Прычым такая кааперацыя прыносіць добры плён.
Такім чынам, наперадзе яшчэ другая палова навучальнага года. А ўжо ўлетку веды па аграрнай тэматыцы вучні змогуць замацаваць падчас працяглай практыкі ў БАТУ.