У Мінскай вобласці пачынаюць мадэрнізацыю медыцынскіх устаноў

21 мая 2014
Установы аховы здароўя Мінскай вобласці пачынаюць маштабныя рамонты і мадэрнізацыю. Работы праводзяць гаспадарчым спосабам. Так, пры належнай якасці можна сэканоміць нямала сродкаў. Разам з тым расце і колькасць устаноў па доглядзе пажылых людзей. Адну з такіх адкрылі ў Клецкім раёне. Як клапоцяцца аб старэйшым пакаленні і чаму ў абноўленай бальніцы хутчэй папраўляюцца? Аляксей Кандраценка з падрабязнасцямі.

Аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых людзей - установа невялікая, але важная для ўсяго Клецкага раёна. Таму і адкрыццё праходзіла ўрачыста. Былы будынак сельскай школы не пустуе. Ён стаў утульным домам для 40 пажылых людзей. Светлыя пакоі, сталовая і ветлівы персанал.
Клецкае аддзяленне - ужо сёмае ў Мінскай вобласці. Новыя формы сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей аказаліся запатрабаванымі і своечасовымі.
Вольга з задавальненнем прыводзіць дачку на масаж. Ведае, дзіця ў бальніцы адчувае сябе як дома.
Па якасці сэрвісу Клецкая раённая бальніца не саступае нават санаторыям. Гэта вынік мадэрнізацыі і маштабнага рамонту. Яго, дарэчы, праводзяць гаспадарчым спосабам. Дагавор заключаецца непасрэдна з канкрэтным майстрам. У выніку эканомяцца бюджэтныя сродкі.
Па такім жа прынцыпе новы імідж і напаўненне атрымаюць і ўсе бальніцы Мінскай вобласці. Вопыт Клецка пацвердзіў, свежы інтэр'ер і сучаснае абсталяванне для медыкаў - камфорт у працы. А ў пацыентаў - магчымасць хутчэй паправіцца.