У Мінску завяршыўся святочны парад і маладзёжна-спартыўнае шэсце

3 июля 2013

Беларусь адзначае галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці і 69-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Беларусаў павіншаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Некалькі хвілін таму ў Мінску завяршыўся святочны парад і маладзёжна-спартыўнае шэсце. Ля мемарыяльнага комплексу Мінск - горад-герой сабраліся тысячы гледачоў. Гэтае месца сімвалізуе мужнасць і стойкасць абаронцаў, якія падарылі Беларусі мірнае неба. На праспекце выстраіліся больш за тры тысячы вайскоўцаў, каля 150 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі. Даклад аб гатоўнасці да парада прыняў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І ў віншавальнай прамове нагадаў аб тым, якой цаной дасталіся рэспубліцы свабода і незалежнасць.


Убачыць парад на свае вочы ў Мінск прыехалі госці з усёй Беларусі, а таксама з краін нашых стратэгічных партнёраў. Так, за дакладнымі дзеяннямі парадных разлікаў з vip-трыбуны разам з беларускім лідарам назіралі прэзідэнты Венесуэлы і Лаоса. У парадным страі - салдаты і афіцэры ўсіх родаў войскаў Беларусі. Разам з імі чаканілі крок і дэсантнікі з Расіі. Гледачы ўбачылі таксама ўсё лепшае, што стаіць на ўзбраенні нашых вайскоўцаў. Напрыклад, рэактыўную сістэму залпавага агню Смерч - самую дасканалую сістэму свайго класу ў свеце. Па магутнасці і далёкасці ў сваім класе ёй няма роўных на планеце. Сярод іншага і гонар сістэмы СПА - комплексы С-300, якія здольныя весці барацьбу з любымі паветранымі цэлямі. Не пакінуў абыякавых і паветраны эшалон. Самалёты-штурмавікі, знішчальнікі, верталёты, група Белая Русь. Гледачы ўбачылі фігуры вышэйшага пілатажу.


Прыгожым фіналам ваеннай часткі парада па традыцыі стала выступленне роты ганаровай варты. Яна лічыцца адной з лепшых у свеце. І на гэты раз на суд гледачоў прапанаваныя новыя найскладанейшыя элементы.


Не менш відовішчным стала і спартыўна-маладзёжнае шэсце, удзел у якім прынялі больш за дзве тысячы чалавек.


Для тых, хто не змог убачыць парад і шэсце ў прамым эфіры, тэлеканалы Беларусь 1 і Беларусь 24 у 21 гадзіну пакажуць тэлеверсію. Выніковая праграма Панарама выйдзе ў эфір у 20:00.