У Мінску завяршаюцца рэпетыцыі самых маляўнічых мерапрыемстваў вялікага свята

30 июня 2017

Будзем спадзявацца, надвор'е не ўнясе істотных карэктыў у праграму святочных мерапрыемстваў. У Мінску завяршаецца апошняя падрыхтоўка да самых галоўных урачыстасцяў Дня Незалежнасці. Сёння на праспекце Машэрава адбыўся генеральны прагон масавага моладзевага нумара "Красуй, Беларусь". У ім задзейнічаны дзве з паловай тысячы чалавек. Чым абяцаюць здзівіць арганізатары і рэжысёры-пастаноўшчыкі, ведае Надзея Сербіненка.

Рэпетыцыі па тры гадзіны на дзень, сінхронныя рухі, адточаныя крокі. У такім рытме апошні месяц жывуць дзве з паловай тысячы чалавек. Масавы музычны нумар "Красуй, Беларусь" на фінальнай стадыі падрыхтоўкі.

Адкрыюць выступленне спевакі ў суправаджэнні балета. Пасля на праспекце разгорнецца гіганцкі беларускі флаг.

Галоўныя дзеючыя асобы пастаноўкі - студэнты сталічных ВНУ і навучэнцы каледжаў. Разам яны ствараюць так званы пластычны малюнак, выстройваючыся на пэўных пазіцыях. Для большасці гэта першы вопыт выступлення перад публікай.

Акрабатычная фігура "Ваза" сёлета паўстане ў абноўленым выглядзе. Зменіцца харэаграфія і касцюмы. Сяміметровую канструкцыю ствараюць адразу 480 чалавек. На верхніх узроўнях працуюць гімнасты, унізе - масоўка.

Пастановачная каманда (40 чалавек) - харэографы, мастакі-пастаноўшчыкі, кампазітары, асістэнты. У канцэртных касцюмах яны будуць знаходзіцца ўнутры дзейства. Нязменны рэжысёр-пастаноўшчык масавага шэсця – мастацкі кіраўнік Моладзевага тэатра эстрады Вячаслаў Панін.

Моладзевы нумар завяршае парад. Яго працягласць - каля пяці хвілін, але нават і за гэты час агульная кампазіцыя пастаноўкі памяняецца некалькі разоў.