У Мінску ў мемарыяльным комплексе "Яма" ўспаміналі ахвяр халакосту

2 марта 2018

Сёння ў сталіцы ў мемарыяльным комплексе "Яма" прайшоў памятны мітынг. Тут 76 гадоў таму было знішчана больш 5 тысяч вязняў Мінскага гета. На месцы трагедыі на скрыжаванні вуліц Мельнікайтэ і Заслаўскай сабраліся нямногія выжыўшыя, а таксама праведнікі, ветэраны, прадстаўнікі пасольстваў і грамадскія дзеячы. З Нью-Ёрка прыбыў і кіраўнік Амерыканскага яўрэйскага камітэта. Удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі і вянкі да "чорнага абеліска" - першага савецкага помніка ахвярам халакосту, на якім было дазволена зрабіць надпіс на ідыш.

Фрыда Рэйзман вязніца мінскага гета: "У мяне бацька быў адзін з кіраўнікоў супраціўлення ў гета. А мы засталіся жывыя - беларусы выратавалі. Памятаю ўсё да дробязяў: людзей, падзеі. Ці гэта страх, ці гэта дзіцячае такое ўспрыманне. І страшна баялася смерці. Разумелі мы ўсё, як старыя. Я не разумею, як чалавек можа стварыць такое".

Джон Шапіра, кіраўнік Амерыканскага яўрэйскага камітэта (ЗША): "Гэта страшная старонка адной з найбуйнейшых катастроф чалавецтва. Не толькі для яўрэяў і яўрэйскай супольнасці. Для кожнага. Мы не павінны забывацца, што адбылося, чаму гэта адбылося. І самае галоўнае, якія высновы мы павінны зрабіць, каб такое больш не паўтарылася. Гэта найвялікшы ўрок гісторыі для ўсіх нас".

Мемарыял "Яма" ўвекавечыў памяць ахвяр масавых пагромаў у 1941-1943 гадах. Да вайны тут быў кар'ер, дзе бралі пясок для будаўнічых прац. У гады акупацыі нацысты ператварылі яму ў месца расправы з яўрэямі. Абеліск на месцы трагедыі з'явіўся ў 1947, а ў 2000 годзе Леанід Левін дапоўніў мемарыяльны комплекс скульптурнай кампазіцыяй "Апошні шлях".