У Мінску стартавала акцыя Сэрца Марыны

14 декабря 2013

Сёння ў лёгкаатлетычным манежы на вуліцы Каліноўскага стартавала акцыя Сэрца Марыны. Мэта - сабраць грошы на дарагую аперацыю для 13-гадовай украінскай гімнасткі Марыны Ласкутовай. Сярод удзельнікаў марафону вядомыя спартсмены, журналісты і проста тыя, хто хоча дапамагчы. Да 3-х гадзін дня нядзелі гэта можа зрабіць кожны. У тое, што спорт - гэта жыццё, паверыў і наш карэспандэнт Павел Капуцкі.


Марына Ласкутова займалася мастацкай гімнастыкай у горадзе Еўпаторыя і ў 12 гадоў здолела трапіць у зборную Крыма. Марыла стаць алімпійскай чэмпіёнкай. Год таму ў яе забалела спіна. Зараз дзяўчынка не займаецца гімнастыкай, а праходзіць курс хіміятэрапіі ў Бараўлянах.


Ірына Ляпарская, галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы: Гэта сапраўды дае сілы. Вось яна ляжыць у боксе. Але ўрачы спадзяюцца, што яна ўспрыме гэта ўсё, дасць сілы і перавядуць яе нават у звычайную палату. Мы вельмі молім Бога, каб урачы справіліся, а наша справа ўрачам дапамагаць.


Прабег стартаваў сёння ў 15 гадзін. Закончыцца заўтра ў гэты ж час. Бегчы можна цэлыя суткі, як вось гэты мужчына ў белай манішцы, а можна пераадолець сімвалічныя 200 метраў. На дарожку дапускаюцца дзеці і дарослыя. Усе, хто хоча дапамагчы.


Кожны ўдзельнік акцыі атрымлівае такую вось картку з фатаграфіяй Марыны. Мінімальны ўнёсак - 20 тысяч рублёў, але шматлікія даюць больш. Усе грошы пойдуць на аперацыю.


Аперацыя абыдзецца больш як у 100 тысяч еўра. Да акцыі падключыліся вядомыя спартсмены, бізнесмены і нават прадстаўнікі расійскага шоу-бізнесу. Удзельнік творчага аб'яднання Газгольдар Васіль Вакуленка па мянушцы Баста не змог прыехаць у Мінск. Ён на гастролях, заўтра будзе выступаць ва Уладзівастоку. Васіль проста пералічыў пяць тысяч долараў.


Дапамагчы Машы Ласкутовай можа любы з вас. І зрабіць гэта вельмі проста. Рэгістрацыя ўдзельніка займае не больш за хвіліну. Экс-баскетбаліст зборнай Беларусі Ягор Мешчаракоў стварыў свой баскетбольны клуб, у якім займаюцца больш за 100 дзяцей. Тыя, хто не задзейнічаны ў спаборніцтвах, прыйшлі з ім на прабег.


Ягор Мешчаракоў, экс-баскетбаліст зборнай Беларусі: Каб сабраць столькі людзей, трэба пэўна 500 разоў на дзень камусьці патэлефанаваць. Гэта не адзін раз на дзень такая праца праведзеная. Вялізная. Спадзяюся, што Марыне адным толькі зарадам пазітыўнай энергіі дапаможам, не гаворачы ўжо пра матэрыяльную частку.


Сяргей Шчурко, арганізатар дабрачыннага прабегу Сэрца Марыны:


Мы сёння фарміруем сваю нацыю, давайце фарміраваць яе разам. Калі ты прыходзіш, сваім прыкладам нешта робіш. Мы занадта шмат гаворым і мала робім, вось у чым праблема наша.


Паўдзельнічаць у прабегу яшчэ не позна. Мінск, вуліца Каліноўскага, 111. Фініш заўтра ў 14:59.