У Мінску адбыўся фінал нацыянальнага адбору на сусветную алімпіяду сярод робатаў

18 мая 2015

У Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці сабраліся больш за 60 вынаходцаў ва ўзросце ад 10 гадоў. Галоўная ўмова - сабраць робата са звычайнага канструктара. Адзінае, што адрознівае яго ад дзіцячай цацкі, - цэнтральны працэсар. Гэта мозг андроіда, дзякуючы якому ён можа выконваць досыць складаныя дзеянні.

Пераможцы фіналу прадставяць Беларусь на планетарным робафоруме. Ён адбудзецца ў Катары. Сусветная алімпіяда робатаў праходзіць ужо 14-ы раз. Беларусь будзе ўдзельнічаць другі раз. Дэбютная спроба летась апынулася досыць паспяховай: нашы землякі занялі 26-е месца з 53 краін.