У Мінску сёння правялі ўнікальную аперацыю

4 мая 2018

12-гадоваму хлопчыку з цяжкім парокам сэрца ўставілі штучны імплантат, які дзякуючы спецыяльнаму матэрыялу павінен стаць часткай арганізма. І пры гэтым аперацыя праводзілася без скальпеля. Умяшанне прайшло пад кіраўніцтвам сусветна вядомага медыка - прафесара Марыа Кармінаці.

Працягне тэму Юлія Грызунт. Заявы цаною ў жыццё чакалі сёння з дзясятак журналістаў каля аперацыйнай у РНПЦ дзіцячай хірургіі. Нашы дактары чулі пра гэту аперацыю, чыталі пра яе, сачылі за такімі працэдурамі за мяжой у рэжыме анлайн. Сёння сумесна з італьянскімі хірургамі беларускія медыкі ўпершыню выканалі замену клапана лёгачнай артэрыі праз вену з унікальным штучным пратэзам дзіцяці.

Парадокс, але аперацыя, якая стала ньюсмейкерам, праходзіць без скальпеля, на мове дактароў - малаінвазіўная. Імплантат уводзяць праз сцегнавы сасуд у сэрца. Ён замяняе пацыенту клапан, які павінен несці кроў з правых сардэчных жалудачкаў у лёгачную артэрыю.

Маленькі пацыент знаходзіўся на гэтым аперацыйным стале 2 з паловай гадзіны. Ва ўмяшанні ўдзельнічалі адразу 7 медыкаў. Гэта хірургі, медсёстры і анестэзіёлагі. Ужо праз гадзіну тут пройдзе аналагічная працэдура.

У кожнага, хто праходзіць праз такое ўмяшанне, няпросты лёс. Першы пацыент да сваіх 12 гадоў ужо перанёс 4 адкрытыя аперацыі на сэрцы. Згодна з прагнозамі хірургаў, у найбліжэйшыя 15 гадоў хлопцу наўрад ці спатрэбіцца медыцынская дапамога, акрамя планавых абследаванняў. Бо новы імплантат літаральна становіцца часткай арганізма. Ужо заўтра, калі пацыент будзе сябе добра адчуваць, ён зможа паехаць дахаты.

Медыкі прызнаюцца, што паўторная аперацыя - гэта адна з самых складаных хірургічных працэдур як для пацыента, так і для доктара.

Сёння ў РНПЦ дзіцячай хірургіі ўжо практычна палова аперацый на сэрца праходзіць без скальпеля.