У Мінску працягваецца тыдзень, прысвечаны людзям залатога ўзросту

4 октября 2018

Для пенсіянераў праводзяць творчыя сустрэчы, майстар-класы і лекцыі па ахове здароўя.

Сярод удзельнікаў ёсць і тыя, хто працягвае сваю працоўную дзейнасць і ў 80. Падрабязна - Марына Мураўёва.

Сваю справаздачу Эла Янаўна здае адна з першых. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, 80 гадоў, са службовымі абавязкамі не проста спраўляецца, але і вучыць калег.

З выгляду далікатная і спакойная жанчына штодзень праяўляе свой цвёрды характар і вытрымку - даглядае трох адзінокіх сталых людзей. Кожны падапечны патрабуе ўвагі і сіл. Энергіі Элы Янаўны хапае, каб паспець даехаць да кожнага і дапамагчы.

Амаль 10 гадоў таму Эла Янаўна пачала сваю працу ў сацыяльным цэнтры Фрунзенскага раёна. Пасады сядзелкі на той час не існавала ўвогуле не толькі ў раёне, але і ў горадзе. Уладкавалася сацыяльным работнікам. Менавіта з яе, першай ластаўкі, у цэнтры пачалі набіраць штат хатніх сядзелак.

Дарэчы, гісторыя працаўладкавання бабулі такая ж незвычайная, як і яе асоба. Лічбы ў пашпарце не адпавядалі бадзёраму духу і спартыўнай форме, што і падкупіла работнікаў цэнтра. І сёння Эла Янаўна дасць фору любому маладому спецыялісту.

Ніякіх дыет, як і праблем са здароўем. Энергічная бабуля не абмяжоўвае сябе ні ў чым, у тым ліку у фізічных практыкаваннях.

35 гадоў адпрацавала эканамістам на адным месцы, выхавала 6 дзяцей. Сумаваць, як жартуе наша гераіня, не прыйшлося. Яе вечны рухавік заўсёды на максімальнай зарадцы.

Свае выхадныя дні Эла Янаўна з задавальненнем праводзіць з дзецьмі і ўнукамі. Раней вышывала і шыла, а цяпер, кажа, няма часу. Лепш у вольную хвіліну дапамагчы таму, хто гэтага вельмі чакае.