У Мінску адкрыўся першы "Паштовы салон"

8 октября 2020

Беларуская пошта святкуе 25-годдзе. І да юбілейнага года падарунак не толькі самім паштавікам, але і ў першую чаргу карыстальнікам паслуг, філатэлістам, пасткросерам. Літаральна гадзіну таму ў Мінску адкрыўся першы "Паштовы салон"! Дата ўрачыстай цырымоніі не выпадковая - бо заўтра ва ўсім свеце будуць святкаваць Дзень пошты. Што прапануюць у новай арт-прасторы - даведалася Вольга Медзведзь.

Да 25-годдзя Беларускай пошты і знакавая прадукцыя. Да свайго юбілею тут выпусцілі маркіраваны канверт. Падчас адкрыцця адбылася цырымонія спецыяльнага гашэння памятным штэмпелем.

Паштовая марка - візітная картка краіны. Гэты выраз даўно стаў крылатым. Бо ў мініяцюрных знаках аплаты адлюстроўваецца культура нацыі. Славутыя дзеячы, архітэктурная, культурная спадчына, багацце флоры і фаўны. У "Паштовым салоне" пад маркет адведзена асобная зона. Яе прадукцыя лёгка перасякае межы, тут не толькі навінкі, але і бестселеры.

Канстанцін Шульган, міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі: "Паштовы салон" размясціўся ў асобным прасторным памяшканні Галоўнага паштамта. Тут новая арт-пляцоўка і выставачная зона. Тут будзе арганізавана сумесная праца з Беларускім саюзам філатэлістаў па навучанні юных калекцыянераў паштовых мініяцюр".

Убачыць і даведацца пра этапы стварэння канвертаў, картак, блокаў і знакаў паштовай аплаты цяпер можна ў новым салоне. У гэтай прасторы будуць арганізоўваць творчыя сустрэчы з мастакамі і дызайнерамі прадукцыі. А тэхнічнае аснашчэнне канферэнц-зоны дазволіць праводзіць брыфінгі і прэзентацыі.