У Мінску ўшаноўвалі лепшых валанцёраў года

5 декабря 2018

Час для добрых спраў знаходзяць больш як 37 000 юнакоў і дзяўчат. Яны арганізуюць конкурсы ў дзіцячых дамах, канцэрты для дзяцей з анкалогіяй, дапамагаюць першакласнікам сабраць партфель у школу, наведваюць ветэранаў, знаходзяць дом кінутым жывёлам, аднаўляюць цэрквы і музеі, а таксама дапамагаюць у правядзенні найбуйнейшых мерапрыемстваў. Толькі на дзіцячым "Еўрабачанні" было задзейнічана каля трохсот валанцёраў. Узнагароджваць людзей з вялікім сэрцам стала ўжо традыцыяй. І невыпадкова падарункі атрымліваюць у Міжнародны дзень добраахвотніка. З ініцыятыўнымі і працавітымі хлопцамі і дзяўчатамі пазнаёмілася Юлія Токар.

У гэтым аддзяленні дзённага і кругласутачнага знаходжання для інвалідаў Івана любяць і заўсёды чакаюць. Малады чалавек у сваім калектыве - працуе на Гомельскім заводзе ліцця - арганізаваў атрад дапамогі. Валанцёры курыруюць сем устаноў. І касметычны рамонт зробяць, і ранішнік правядуць. Кіраўніцтва ідзе насустрач і дае транспарт. За год каманду з 20 чалавек прызналі лепшым у краіне добраахвотніцкім атрадам працоўнай моладзі.

Дарэчы, узнагароды ў конкурсе "Валанцёр года" заваявалі адразу тры атрады Гомельскай вобласці. Усе добраахвотнікі - вучні Веранікі Ражковай. За 17 гадоў яна выхавала паўтысячы дзяцей, якія сёння дапамагаюць не толькі беларусам: выязджаюць і ў найбліжэйшыя рэгіёны Расіі. Сама ж Вераніка працуе над навучальнай праграмай "Школа дабра". Пераймаюць міжнародны вопыт у стварэнні патранажных сем'яў для дзяцей-сірот.

За ініцыятыву, працавітасць і спагадлівасць дзясяткі юнакоў і дзяўчат з гэтай хвіліны носяць званне "валанцёр года". Час для добрых спраў яны знайшлі нават зараз: арганізавалі бясплатныя майстар-класы па вырабе навагодніх цацак.

Яны праводзяць дабрачынныя вечары ў дамах-інтэрнатах, аднаўляюць храмы і дапамагаюць у правядзенні найбуйнейшых міжнародных форумаў. Ганаровыя дыпломы Белтэлерадыёкампаніі ўручылі і валанцёрам, якія працавалі на дзіцячым "Еўрабачанні", - гэта больш за трыста чалавек. Кацярына і Анатоль увесь еўравізійны тыдзень суправаджалі дэлегацыю з Азербайджана. Гэты вопыт яны запомняць надоўга.

Узнагароджваць людзей з вялікім сэрцам стала ўжо традыцыяй. Кожны год у Міжнародны дзень добраахвотніка актывісты атрымліваюць падарункі за свае добрыя справы. Проста таму што дапамагаць - іх прызванне.