У медыцынскіх установах сталіцы маштабная мадэрнізацыя

4 февраля 2015

Амаль усе клінікі аднаўляюць матэрыяльна-тэхнічную базу. Закуплена інавацыйнае абсталяванне для правядзення аперацый на сасудах галаўнога мозгу. Да таго ж, у розных раёнах сталіцы адкрываюцца новыя амбулаторыі, а ў студэнцкай вёсцы - падстанцыя хуткай меддапамогі. Таццяна Нікіціна прадоўжыць тэму.

Трынаццаць гадоў у прафесіі, сотні выратаваных жыццяў. Павел Канавалаў - урач вышэйшай катэгорыі, знакаміты нейрахірург сталічнай бальніцы хуткай меддапамогі. У найбліжэйшы час ён зможа праводзіць удвая больш аперацый, дзякуючы новаму ангіяграфічнаму комплексу, які ўжо набылі для медустановы.

Ангіёграф – гэта рэнтген-апарат, які дазваляе ўрачам аператыўна і дэталёва разгледзець змяненні, што адбываюцца ў сасудах пацыента. Новае ўдасканаленае абсталяванне паляпшае не толькі якасць і дакладнасць здымка.

Павел Канавалаў, нейрахірург бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска: "Знізіць прамянёвую нагрузку для пацыента. Паскорыць аказанне дадзенага віду медыцынскай дапамогі. Хворага не трэба везці ў спецыяльны КТ-кабінет. Гэта можна рабіць усё адначасова".

Такі адноўлены комплекс ужо ўсталяваны і ў РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак. Сёлета брыгады хуткай меддапамогі забяспечаць мультымедыйнымі сродкамі сувязі. У першую чаргу - планшэтамі. Актыўна развіваецца і тэлемедыцына. Хірургі экстранна выходзяць на сувязь з калегамі іншых клінік, у тым ліку замежных. Праз такія экраны можна ўбачыць, што адбываецца на аперацыйным стале. Напрыклад, у дзясятай бальніцы.

Аперацыйны блок – сэрца клінікі. Тут мадэрнізацыя амаль завершана. 12 залаў для правядзення найскладанейшых аперацый падрыхтаваныя. Кошт такога абсталявання – адзін мільён еўра.

Дзясятая клінічная – адна з самых вялікіх бальніц у Мінску. Штогод па дапамогу сюды звяртаюцца каля 100 тысяч чалавек з розных рэгіёнаў краіны. За гэты час урачы выконваюць 20 тысяч аперацый.

У медыцынскіх установах сталіцы - маштабная мадэрнізацыя. Сёлета абновяць тэхнічную базу пятай, шостай і дзявятай бальніц.