У госці да дзяцей спецшколы-інтэрната ў Асіповічах прыехалі "драконы"

25 мая 2015

Яны так вераць у лепшае і чакаюць цуду… Што ён і адбыўся. У госці да дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарата, выхаванцам спецшколы-інтэрната ў Асіповічах прыехалі драконы. Казачную сустрэчу бачыла і наш карэспандэнт Крысціна Камыш.

Самыя адданыя балельшчыкі баскетбольнага клуба "Цмокі-Мінск" жывуць тут, у Асіповічах. Хлопчыкі і дзяўчынкі са спецшколы-інтэрната імкнуцца не прапускаць ніводнай трансляцыі матча "драконаў". А нядаўна яны намалявалі малюнкі і напісалі лісты сваім кумірам. І "Цмокі-Мінск" прыехалі ў Асіповічы.

Такую акцыю баскетбалісты вырашылі правесці ўпершыню. Добраахвотніцкі клуб "Адрас дружбы" дапамог дзецям наладзіць сувязь з "драконамі". Прычым пісьмовую.

Ганна Ковель, арганізатар добраахвотніцкага клуба: "Узнікла такая ідэя: напісаць лісты. Таму што зараз такі час, што ўсе карыстаюцца Інтэрнэтам, мала чытаюць кніг, мала пішуць ад рукі. І хлопцы са "цмокаў" напісалі лісты дзецям. Расказалі пра баскетбол, распавялі пра сябе".

Для сваіх гасцей выхаванцы школы-інтэрната правялі экскурсію. Паказалі, дзе жывуць, і расказалі, чым захапляюцца.

Затым усе перабраліся ў спартыўную залу, і баскетбалісты правялі майстар-клас. І калі спачатку ў дзяцей не атрымлівалася трапіць у кольца, "драконы" хутка навучылі малых спраўляцца з такой задачай.

Кожнае дзіця, якое пісала ліст, атрымала футболку гульца каманды.

Аляксей Лашкевіч, капітан БК "Цмокі-Мінск": "Галоўнае, каб нас запрашалі сюды. Гэта вельмі зараджае. Гэта сітуацыя. Дзеці вельмі жыццярадасныя. На іх глядзіш, і ў саміх дадаюцца сілы. Трэба таксама імкнуцца ў жыцці чагосьці дасягнуць".

Валанцёры арганізавалі салодкі стол для дзяцей і гасцей. Дзеці змаглі пагутарыць са спартсменамі. Большасць пытанняў, вядома ж, тычылася баскетбола.

Дзеці доўга не жадалі адпускаць баскетбалістаў, але "цмокі" паабяцалі абавязкова прыехаць ізноў.