У горадзе Рэчыца імем вядомага пагранічніка Сяргея Сыча сёння назвалі школу

27 мая 2013

Бяспека мяжы роднай краіны  для іх стала галоўнай мэтай у жыцці. Напярэдадні Дня пагранічніка ў Беларусі аддаюць даніну тым, хто цаной жыцця абараняў межы сваёй Радзімы. Так, напрыклад, у горадзе Рэчыца імем вядомага пагранічніка сёння назвалі школу. Ён загінуў 20 гадоў таму. Зараз яго імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Беларусі і гісторыю пагранічных войскаў, а на прыкладзе такой мужнасці ў школе будуць праходзіць урокі патрыятызму.


Героі нашага часу ў рэпартажы Вольгі Халадовіч.


Яму было ўсяго 22, наўрад ці  малады пагранічнік думаў пра геройства. Сяргею Сычу да заканчэння службы заставалася ўсяго паўгода, але дадому так і не вярнуўся. Па-геройску загінуў у таджыкскіх гарах. У той час у Таджыкістане ішла жорсткая грамадзянская вайна. Афганскія маджахеды рваліся на дапамогу апазіцыі, а 12-я застава была ім як костка ў горле. І ноччу бандыты вырашылі напасці, акружыўшы заставу з усіх бакоў. З 43 нашых пагранічнікаў выжылі толькі 18.

12-я застава носіць імя ўсіх 25 герояў. А гэтая школа ў невялікай Рэчыцы - імя свайго земляка Сяргея Сыча. І зараз тут нават першакласнік ведае пра героя. Зараз школа, у якой ён вучыўся, афіцыйна носіць імя героя. Мора кветак і словы  ад самога сэрца. Калегі Сяргея прыехалі ўшанаваць яго памяць і зноў успомніць, якім быў іх сябар - Сяргей Сыч.

Максім Праснакоў, калега Сяргея Сыча: Вельмі лагодны чалавек быў, шкада, што яго няма. Цяжка ўспамінаць.

Аляксандр Масалбасаў, калега Сяргея Сыча: Успамінаецца вось яшчэ адзін таварыш - Лёнька Урубель. Яны вечна жартавалі, вясёлыя хлопцы.

Валянціна Іванаўна - маці Сяргея - упэўненая, сын заўсёды побач з ёй. Нягледзячы на тое, што з моманту яго гібелі прайшло ўжо 20 гадоў, для яе ўсё гэта было як учора. Маці і калегі ўпэўненыя, што калі б Сяргею прыйшлося зноў ахвяраваць сваім жыццём дзеля таварышаў, ён бы зрабіў гэта. Бо ён заставаўся пагранічнікам да канца. А героі не паміраюць, яны жывуць у нашай памяці.