У Гомельскай вобласці ўкаранілі новы спосаб лячэння пазваночніка

8 февраля 2020
Для гэтага фрагмент траўміраванага органа надрукавалі на 3D-прынтары. Першы пацыент, які прайшоў інавацыйнае лячэнне, пазбавіўся ад паралічу канечнасцей і зараз можа самастойна хадзіць. Тэхналогіі 3D-друку дапамаглі хірургам спланаваць аперацыю з дакладнасцю да міліметра. Тым самым зрабілі яе максімальна бяспечнай і хуткай. Гэты вопыт стаў першым для Беларусі. Хутка яго прадставяць на міжнароднай канферэнцыі. А пакуль з гомельскімі нейрахірургамі і іх пацыентам пазнаёмілася Ганна Кавалёва.

Яшчэ пару месяцаў таму пенсіянер Станіслаў Рабянок не мог рухацца. Сёння спрытна падымае вязанку дроў, даглядае вясковую гаспадарку і галоўнае - можа хадзіць. Такіх простых рэчаў яго амаль пазбавіла старая траўма. Падзенне з веласіпеда - пералом шыйнага пазванка. А затым зрушэнне і параліч.

Вырашыць праблему магла аперацыя, але толькі ювелірнай якасці - адзін міліметр у бок мог прывесці да смерці пацыента. 
За справу вырашылі ўзяцца гомельскія нейрахірургі. А каб спрагназаваць кожны крок аперацыі, выкарыстоўвалі магчымасці ІТ.

Пластмасавая мадэль пазваночніка цалкам паўтарыла траўму пацыента. З дакладнасцю да міліметра. На друк спатрэбіліся суткі. Але гэта дазволіла хірургам яшчэ да аперацыі патрымаць у руках траўміраваны орган і спланаваць лепшы сцэнарый лячэння.

Спачатку медыкі шукалі праграмы, якія дапамогуць перавесці здымкі камп’ютарнай тамаграфіі ў трохмерны фармат. Увасобіць смелую ідэю дапамаглі ў Інстытуце механікі металапалімерных сістэм імя Белага Нацыянальнай акадэміі навук. 

Практыка 3D-друку чалавечых органаў развіваецца ва ўсім свеце. У тым ліку ў Беларусі. Так, у Мінску для складанай аперацыі раздрукавалі сэрца. А вось гамяльчане сталі першымі, хто зрабіў гэта з пазваночнікам. У сакавіку свой паспяховы вопыт гомельскія нейрахірургі прадставяць на міжнароднай канферэнцыі. Адначасова плануюць ўкараненне новых метадаў аператыўнага ўмяшання з 3D-друкам. Так, у найбліжэйшай будучыні пачнуць практыкаваць ўвядзенне вінтоў у чалавечыя косці з выкарыстаннем індывідуальнай навігацыйнай матрыцы – 3D-злепка апорнага комплексу пазваночніка.