Сёлета па-новаму запрацуе сфера гандлю

2 января 2017

Па-новаму запрацуе   сфера гандлю.  Па-першае, з цэннікаў павінен знікнуць кошт тавара ў старых грошах. Бо  купюры з чатырма нулямі больш не прымаюць. Акрамя таго, паказаць кошт прадукта  зараз трэба яшчэ і за круглую меру - літр або кілаграм. Пакуль гэта ў форме рэкамендацыі, але ўжо праз паўгода ўвойдзе ў абавязак кожнага магазіна. Ці ўсе тавары закрануць новыя правілы і як навацыю ўспрыняў пакупнік?  Гандлёвыя кропкі ў новым годзе наведала   Вольга Анішчанка

Пісаць цану за круглую меру ў Беларусі вырашылі па просьбах пакупнікоў. Маўляў, магазіны прызвычаіліся паспяхова прадаваць тавар даражэй, карыстаючыся рознымі выкрутамі. А галоўнае,  калі не звяртаць увагі кліента на вагу прадукта,  толькі на канчатковую цану,  той пакіне на касе куды больш грошай. 

І так, здаецца, на кожнай другой паліцы. Крупы, алей, замарожаная гародніна, ягады, напоі… Нават цукар  у дробных упакоўках  стварае зманлівае адчуванне эканоміі.

Руплівы пакупнік даўно заўважыў: вытворцы фасуюць або разліваюць свой прадукт, не падпарадкоўваючыся, часам,  ніякім стандартам. Малако, напрыклад,  950 грамаў, 900, побач - і таго менш…  Літровы пакет, дарэчы, яшчэ трэба пашукаць! А візуальна, здавалася б, ніякіх адрозненняў. І накшталт цана ёсць, але каб параўноўваць кошт, калі жадаецца ўсё ж дзешавей, часам сапраўды патрэбен калькулятар.

Каб парыраваць папрокі ў падмане пакупніка, гандаль прапануе сумленныя цэннікі на харчаванне. На іх з'явіцца кошт тавара ў пералічэнні за літр або кілаграм. На тым месцы, дзе пакуль яшчэ прапісана цана ў старых грошах з чатырма нулямі. Дарэчы, не ўсякі пакупнік рады такой навіне. Гавораць, цэннікі і так перагружаныя, а яшчэ новыя лічбы. Не заблытацца б!

Эксперты рынку ўпэўненыя: выгаду грамадзяне яшчэ ацэняць. Эканоміць стане  прасцей. Гукнецца навацыя і вытворцу. Асабліва  кандытарскіх вырабаў.

Кацярына Багачова, кансультант у сферы рознічнага гандлю: "Больш за ўсё цана прыкметная будзе на печыва. Таму што ёсць печыва вагавае беларускай вытворчасці, а ёсць расійскае. Яно актыўна прадаецца  ў дыскаўнтарах, у нашых гандлёвых сетках. Вядома, яно выглядае з такім цэннікам сёння да змен яшчэ прывабным. Але, я думаю, што прывабнасць страціцца, калі дамініраваць будзе цана за кг".

Таццяна Вашкевіч, намдырэктара магазіна: "Тут стаіць 1,34. Калі чалавек бярэ  ў рукі дадзеную пазіцыю, ён разумее, што 1,34 я магу сабе дазволіць. Гэта не так дорага. Але калі я прыйшла і ўбачыла цэны за кілаграм, я, магчыма, ад гэтага адмоўлюся, таму што мне здасца гэта занадта дорага".

Пакуль гандаль абнаўляць цэннікі не спяшаецца. Маўляў, у святы клопатаў і так хапае! Тым больш магазінам далі фору: і лішнія нулі  ад старых грошай  з цэннікаў можна ўбіраць яшчэ два месяцы (да пачатку вясны), ды і дадаць кошт за кілаграм таксама пакуль не абавязкова. Гавораць, запатрабуюць толькі да 1 ліпеня.

Віялета Бразоўская, начальнік упраўлення  арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі: "Зараз у нас усе гандлёвыя працэсы аўтаматызаваныя. І каб паказаць на цэнніку кошт за кілаграм, трэба перапраграмаваць сістэму ўліку і праграму, якая друкуе цэннікі. Таму, вядома ж, нерэальна, каб увесь гандаль адразу мог выставіць цэннікі з разліку гэтых патрабаванняў".

Справа не хуткая, згаджаюцца тыя, хто працэс ужо запусціў. Сярэдняму магазіну патрэбна як мінімум тыдзень, каб перапісаць цэны па-новаму. Працуе, вядома, аўтаматыка, але  і цэннікаў нават не тысячы - сотні тысяч.

Навацыя  закране не ўсе прадукты. У абсалют норму вырашылі не ўводзіць. Усё ж  цана за кілаграм жвачкі  або батончыка  спажыўцу відавочна не спадабаецца, жартуе пакупнік. У профільным міністэрстве аб выключэннях гавораць ужо ў сур'ёзным тоне: вялікага сэнсу ў пераводзе цэн для дробнага тавара - вагой да 50 грамаў - няма. Дарэчы, асобнае правіла будзе дзейнічаць і для прадуктаў, намінал якіх не перавышае чвэрць кілаграма. Для іх у цэнніках дапішуць кошт за 100-грамовую вагу.