У вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна "Зацягнулі Каляду на дуба"

25 января 2021

У вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна "Зацягнулі Каляду на дуба". Выключна тут праводзяць гэты старадаўні абрад. А вось слава пра яго ідзе далёка за межы вёскі: фальклорная дзея - нематэрыльяная гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, яна ж унесена і ў спісак Сустветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Што ж гэта за беларуская нацыянальная традыцыя, вядомая на ўвесь свет? Адказ - у Наталлі Бардзілоўскай.

Пасеклі і выкінулі на скрыжаванні дарог усе свае грахі!

Утварэнне з драўлянага кола, зажыначнага снапа і гаршка з куццёй (Каляду) - пасадзілі на ганаровае месца! Галоўны сімвал прыбіралі нібы нявесту.

За парогам - сані і конь. Зачакаўся везці Каляду да жаніха. Суджаны (дуб) за чатыры кіламетры ад Новін, у суседняй Марціянаўцы, на полі. Кожны год ён чакае святочны картэж, які рухаецца пешшу са спевамі і танцамі, жартамі і прымаўкамі. Суправаджае Каляду да дуба. Абганяць такую працэсію забаронена!

Дуб незвычайны. Таму што… льняны. У тутэйшых ёсць правіла: не пускаць дзяцей купацца, пакуль не распусціцца лісце на яго галінках. Зелянее ж гэты прыгажун не так як звычайныя дрэвы: толькі, калі зацвіце лён.

Гэтаму дубу 100 гадоў. А традыцыі цягнуць Каляду на дуба - яшчэ больш. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць: колькі жылі тут людзі, столькі і выконвалі гэты абрад. 23 гады таму гэты звычай аднавілі мясцовыя энтузіясты.

Першая, хто ўзгадаў традыцыю і ўзяўся адраджаць яе, экс-дырэктар Новінскага дома культуры Ніна Дзмітрыеўна Клімовіч. Малой дзяўчынкай памятае, як Каляду на дуб зацягвалі бацькі, потым старэйшыя браты і сёстры.

Гэта самая аўтэнтычная песня абраду. Яе запісалі з успамінаў Марыі Іванаўны Мураш, старажыла суседняй вёскі Бычын. Інфармацыю пра вяселле дуба і Каляды збіралі літаральна па драбінках. Хтосьці ўзгадаў, што па правілах узнімаць святочны сімвал павінны мужчыны. Вось і сёння верхалазы - хлопцы. Пасля такой працэдуры нежанатыя ажэняцца і ўвогуле ўвесь год будзе багаты.

Цягнуць Каляду - гэта падымаць не толькі істоту-сімвал на вышыню. Гэта цягнуць і закуску на агульны стол: хто што можа, у складчыну. Абрад завяршаецца вялікім частаваннем - у Доме культуры накрытыя сталы і абавязковая музычная праграма ад мясцовых талентаў!

Змяняюцца пакаленні, а абрад жыве. Сёння яго зберагальнікі - усе новінскія жыхары, асабліва этна-гурты "Радзіна" і "Валошкі".