У Дзень горада стала на 70 мінчан больш

15 сентября 2015

Двайное свята. У Дзень горада стала на 70 мінчан больш. І сёння кіраўніцтва горада павіншавала матуль. Мэр сталіцы Андрэй Шорац наведаў шосты радзільны дом. Там на свет з’явіліся 14 немаўлят, з іх 10 хлопчыкаў. Усяго ж у Мінску 12 верасня ўпершыню матулямі сталі 33 жанчыны. Аляксандра Драгун далучылася да віншаванняў.

Ганна Шахрай тры дні таму стала шматдзетнай маці. Папаўненне ў сям’і адбылося акурат у Дзень горада. Кажа, старэйшы Міша нарадзіўся 14 жніўня, Васіліса – ў Дзень закаханых, таму, жартуе, і другую дачушку чакалі на свет 14-га. Але Маша выбрала больш святочны дзень для нараджэння.

Толькі ў шостай клінічнай бальніцы ў святочныя выхадныя з’явіліся 14 немаўлят: 10 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Сёння, крыху саромеючыся, шчаслівыя жанчыны сабраліся разам у актавай зале. Павіншаваць іх прыехаў мэр Мінска Андрэй Шорац.

Пяць жанчын упершыню адчулі радасць мацярынства. Пакуль вырашаюць, як назавуць сваіх першынцаў. Дарэчы, больш за трыццаць гадоў таму менавіта ў шостай бальніцы нарадзіўся мільённы мінчанін. Дзякуючы гэтаму ў сталіцы пачалі будаваць метро. А сёння, паабяцаў мэр, бацькам двухмільённага жыхара сталіцы падораць кватэру.

Дарэчы, сёлета ў Мінску адкрыюць самы вялікі радзільны дом у краіне на базе пятай клінічнай бальніцы. А тыя ўстановы, што існуюць, добра аснашчаныя і забяспечаныя кваліфікаванымі кадрамі. Напрыклад, у трэцяй бальніцы аказваюць дапамогу жанчынам з паталогіямі.

Многія немаўляты з матулямі, якіх віншавалі паважаныя госці, ужо сёння будуць дома. Калі няма супрацьпаказанняў, жанчын выпісваюць на трэція суткі.

У трэцяй клінічнай бальніцы ў Дзень Мінска з’явіліся на свет 5 немаўлят. Дарэчы, больш дзяўчынак. Таму можна лічыць, што феерверк на свята сталіцы быў і ў гонар гэтых матуль. А сёння шчырыя віншаванні і кветкі яны атрымалі ад кіраўніцтва горада.