У Батанічным саду адкрыецца выстава архідэй

4 ноября 2015

Да трапічнага карнавала архідэй рыхтуюцца ў Цэнтральным батанічным саду. Заўтра тут адкрыецца выстава гэтых экзатычных раслін. Ад традыцыйных фаленопсісаў да дзікіх і выведзеных селекцыянерамі -- усе яны прадэманстраваны ў экспазіцыйнай аранжарэі. У адным месцы сабраны сотні відаў архідэй, а гэта тысячы раслін. Акрамя таго, ахвотнікі змогуць атрымаць прафесійную кансультацыю па доглядзе і развядзенні архідэй у хатніх умовах. Алена Борматава - з простымі парадамі для капрызных раслін.

Распазнаць сярод тысяч квітнеючых архідэй цымбідзіум ці катлею змогуць толькі прафесіяналы – людзі, якія вырошчваннем архідэй займаюцца не адзін год. Непрафесійнае вока вылучыць хіба толькі добра вядомы – фаленопсіс. Кветку, якую можна сустрэць у кожнай спецыялізаванай краме. Класічная архідэя, выведзеная селекцыянерамі адмыслова для нашых кватэр. Яна непатрабавальныя. І цвіце каля трох месяцаў.

У еўрапейскіх аранжарэях і цяпліцах архідэі з’явіліся больш за тры стагоддзі таму, з моманту заваявання Калумбам Паўднёвай Амерыкі. На сёння вядома каля 25-30 тысяч прыродных відаў расліны і прыкладна столькі ж выведзена селекцыянерамі.

Універсальнай парады па вырошчванні архідэй дома не існуе – у кожнага розныя кватэрныя ўмовы. У кагосьці вокны выходзяць на поўнач, у кагосьці – на поўдзень. Аднак, адна з галоўных умоў – архідэям патрэбна многа святла. Вырошчваюць іх не ў глебе, а ў спецыяльным субстраце – какосавых чыпсах. У беларускіх умовах падыдзе сасновая ці дубовая кара. Ёсць і новы спосаб вырошчвання – у керамзіце. Абавязкова – празрыстае кашпо, каб добра бачыць стан каранёў. Каранёвая сістэма – самае слабае месца архідэй. І, зразумела, паліў. Тут лепш не даліць, чым пераліць.

Экзатычныя віды архідэй прадэманстравалі калекцыянеры - ад беласнежных да цёмна-бардовых. Вялікіх – для зімовых садоў і мініяцюрных – для вырошчвання на невялікіх падаконніках. Некаторыя дзікія віды разводзяць на кавалках кары – кветкі ад пазногця да бутона з памерам ружы. Апошнім часам у амаратаў папулярнасцю карыстаецца "ванга" – досыць простая ў доглядзе, але не вельмі танная па кошце. Яе можна вырошчваць зусім без субстрата.

Экспанаты для выставы архідэй фарміравалі з дзвюх крыніц: з калекцыі Батанічнага сада – іх прыкладна 25 відаў, і з прыватных калекцый – ад людзей, аматараў, якія вырошчваюць расліну дома. Такіх відаў прыкладна 100. Па выніках выставы наведвальнікі экспазіцыі шляхам галасавання выберуць самую прыгожую архідэю.