У Беларусі ўступілі ў сілу новыя правілы набыцця лекаў па рэцэпце

29 октября 2014
Зараз усе бланкі захоўваюцца ў аптэцы на працягу месяца. А ўрачы на рэцэпце могуць выпісаць толькі адно лякарства. Ці не справакуе гэта з'яўленне чэргаў у сталічных паліклініках і ці магчыма атрымаць рэцэпт на працяглае лячэнне, падрабязнасці ў наступным сюжэце.

Расказвае Наталля Кезік.

Таццяну Філімонаву новаўвядзенні не палохаюць. Цяпер тэрапеўту прыйдзецца выпісваць адразу некалькі рэцэптаў. Але на камп'ютары справа ідзе ў некалькі разоў хутчэй. Урач нават гатовая прадэманстраваць уласную распрацоўку - электронны рэцэпт. Гэта калі ўрач па электроннай пошце можа адправіць у аптэку завераны бланк.

Але такая распрацоўка магчымая ў паліклініках, дзе зараз працуе электронная сістэма - карткі пацыентаў занесеныя ў камп'ютар. На звычайным прыёме медыцынскай сястры прыйдзецца выпісваць на кожнае лякарства асобны бланк.

Цяпер згодна з новымі правіламі ўрачы маюць права выпісваць лекі максімум на шэсць месяцаў, але на асобных бланках. Яго тэрмін дзеяння ўсяго адзін месяц.

Узамен на рэцэптурны бланк правізар выдасць неабходныя медыцынскія прэпараты. Рэцэпты ж будуць захоўваць у аптэцы. Так, сцвярджаюць спецыялісты, пацыент не зможа купіць таблеткі па адным рэцэпце ў розных аптэках і займацца самалячэннем.

Больш за тое, і правізары не змогуць прадаць лекі без бланка - кожная ўпакоўка таблетак будзе пад пільным кантролем.

Пры гэтым пералік лекаў, якія адпускаюцца без рэцэпта, не змяніўся. Як і раней у асартыменце аптэкі прыкладна 40 працэнтаў таблетак можна купіць без рэцэпта.