У Беларусі стартавалі працы па дэмаркацыі дзяржаўных граніц з Украінай

23 сентября 2015

Гэта значыць, дакладнае пазначэнне мяжы спецыяльнымі пагранічнымі знакамі. 1 верасня 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе спрасціць працэдуру і скараціць тэрмін і кошт дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы з Украінай. У Брэсцкай вобласці працы па пазначэнні мяжы на мясцовасці стартавалі. Падрабязнасці ў Вікторыі Патоні.

Справа ад нас - гэта тэрыторыя Украіны. Вось той бераг ракі Заходні Буг - гэта Рэспубліка Польшча. І мы з вамі адпаведна знаходзімся на тэрыторыі Беларусі.

З гэтага месца, дзе перасякаюцца лініі граніц трох дзяржаў, і пачынаюцца працы па дэмаркацыі. Працэс значны для любой суверэннай дзяржавы: краіна павінна мець дакладныя граніцы з суседзямі. Такіх стыкавых пунктаў у Беларусі пяць. Тут будзе ўстаноўлены спецыяльны пагранічны слуп з назвай "Буг": вышынёй 2 з паловай метры, зроблены з чырвонага граніту, з сімволікай нашай краіны. На першым этапе дэмаркацыі вядзецца рэканструкцыя часткі канала Мастыцкага, расчыстка кустоўя у межах пяці метраў. Гэта і ёсць паласа мацавання граніцы. Аналагічную працу правядуць спецыялісты сумежнай дзяржавы. Усяго трэба уладкаваць і візуальна пазначыць 1084 кіламетры граніцы з паўднёвымі суседзямі.

Паводле прагнозаў спецыялістаў, на дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай граніцы спатрэбіцца як мінімум 7 гадоў. Спачатку трэба ўстанавіць пагранічныя слупы і знакі ў межах бачнасці, усяго іх будзе больш за 3 тысячы. Затым з дапамогай аэрафотаздымкі кожны пагранічны аб'ект будзе нанесены на спецыяльную тапаграфічную карту.

Дагавор аб дзяржаўнай граніцы паміж Беларуссю і Украінай уступіў у сілу ў чэрвені 2013. Усе пытанні па дакладным пазначэнні граніц вырашаюцца сумесна, створана спецыяльная дэмаркацыйная камісія. Упершыню працы праводзяцца па спрошчанай схеме і будуць каштаваць яны для беларускага боку 160 мільярдаў рублёў.

Аляксандр Архіпаў, начальнік упраўлення дэлімітацыі і дэмаркацыі дзяржаўнай граніцы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі:

"Мы ўпершыню тут прымяняем іншы парадак пазначэння дзяржаўнай граніцы, які дазволіць зэканоміць парадку 30 % грашовых сродкаў у параўнанні з тым, як мы займаліся дэмаркацыяй мяжы з Літвой і з Латвіяй. Пагранічны знак будзе складацца з аднаго пагранічнага слупа, на якім будзе герб РБ і герб Украіны".

Аляксандр Кіслоў, начальнік прэс-службы Брэсцкай пагранічнай групы:

"Ахова дзяржаўнай мяжы на гэтым кірунку будзе здзяйсняцца, як і раней. Вынікамі дэмаркацыйных прац стане дакладна пазначаная на мясцовасці лінія дзяржаўнай граніцы, што дазволіць больш дэталёва вырашаць пытанні ўзаемадзеяння з калегамі сумежнага боку".

У працах па дэмаркацыі задзейнічаныя пагранічнікі, меліяратары, геадэзісты, тэхнічныя спецыялісты. Паласа мацавання дзяржграніцы адначасова выконвае функцыю супрацьпажарнай. Акрамя таго, візуальнае пазначэнне мяжы дазволіць дакладна арыентавацца і мясцовым жыхарам, дзе сканчаецца "свая" тэрыторыя і пачынаецца сумежная дзяржава.